Юлія Сівец: Старшыня выбарчай камісіі прызнаў у мяне польскі акцэнт



Карэспандэнтку Радыё Рацыя Юлію Сівец не пусцілі на выбарчы ўчастак у Гомелі, сказаўшы, што ў яе падазроны польскі акцэнт. Пра гэты выпадак расказала сама Юля:

– Старшыня выбарчай камісіі Анатоль Шэвель сказаў, што я не маю права знаходзіцца на выбарчым участку, хаця я не знаходзілася ў самім памяшканні, дзе менавіта адбывалася галасаванне, а знаходзілася каля, дзе праводзіла апытанне выбарцаў. Ён выйшаў і загадаў пакінуць памяшканне, паколькі вы, напэўна, замежнае СМІ, вы, напэўна, не беларуска. Кажу, чаму я не беларуска, калі размаўляю па-беларуску. Ён кажа, якая ж вы беларуска, калі ў вас польскі акцэнт.

РР: А ў чым гэты польскі акцэнт выражаўся, як ён выглядаў? Патлумачылі гэта?

– Ён увогуле нічога не тлумачыў. Ён казаў, што ў мяне няма акрэдытацыі і я не маю права праводзіць апытанні і працаваць. Я спытала: якая акрэдытацыя, дзе яе можна атрымаць? Ён сказаў, чытайце законы. Я спытала: якія законы? Ён не гаварыў якія законы. Наконт акцэнта, я кажу, а з якім тады можна акцэнтам – з рускім, з украінскім? Ён нешта там сказаў няўцямнае, наконт таго, што з рускім. Прычым першы сказ сказаў па-беларуску. У чым менавіта мой польскі акцэнт, я не ведаю.

РР: З рускім акцэнтам можна размаўляць? Так я зразумела.

– Відаць так.

РР: Але ў выніку ўсё ж такі пусцілі цябе на ўчастак.

– Справа ў тым, што я была з калегай, яе ўвогуле спрабавалі за руку выставіць, калі яна патэлефанавала ў акруговую камісію са скаргай. Пасля гэтага мы зноў з’явіліся. І ўжо была рыторыка зусім іншая ў старшыні камісіі. Ён сказаў, ну вось можаце працаваць, нават паказаў, дзе працаваць. Ну і на кожным участку, дзе б я не знаходзілася, падыходзілі старшыні камісіі і казалі, што вы тут робіце, агітацыю праводзіце, ці што іншае, вам тут нельга знаходзіцца. Потым кудысьці хадзілі, раіліся, прыходзілі і гаварылі: можаце працаваць.

Цалкам пазмова:

Беларускае Радыё Рацыя