Юлія Слуцкая стала лаўрэатам 72-й прэміі World Press Freedom Hero Міжнароднага інстытута прэсы



Заснавальніца беларускага „Прэс-клуба” Юлія Слуцкая абвешчаная лаўрэатам 72-й прэміі World Press Freedom Hero Міжнароднага інстытута прэсы.

Прэміяй узнагароджваюцца журналісты, якія ўнеслі значны ўклад у прасоўванне свабоды прэсы, асабліва ва ўмовах вялікай асабістай рызыкі, паведамляецца на сайце „Прэс-клуба”.

У апошнія шэсць гадоў Міжнародны інстытут прэсы ўручае прэмію ў партнёрстве з няўрадавай арганізацыяй IMS (International Media Support). Цырымонія ўручэння прэміі World Press Freedom Hero 2021 адбудзецца 16 верасня ў Вене ў рамках Сусветнага кангрэса Міжнароднага інстытута прэсы.

„Я вельмі ўдзячная, што вы цэніце мой уклад у адстойванне каштоўнасцяў свабоды слова. Я прашу вас памятаць, што гэта магчыма толькі дзякуючы самаадданай працы ўсёй каманды „Прэс-клуба” і сотняў беларускіх журналістаў, якія застаюцца вернымі сваім каштоўнасцям у вельмі складаных умовах. Я таксама хачу падзякаваць вам за тое, што вы трымаеце Беларусь у цэнтры ўвагі сусветных СМІ. Гэта дае надзею, што хутка я змагу абняць усіх маіх калегаў, якія цяпер у турме”, — пракаментавала Слуцкая.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднага інстытута прэсы Барбара Трыёнфі адзначыла, што Слуцкая „ідэальна ўвасабляе каштоўнасці, якія нясе ў сабе прэмія „Герой”.

„На працягу сваёй кар’еры Юлія Слуцкая стойка адстойвала якасную незалежную журналістыку, нягледзячы на працу ва ўмовах жорсткага прэсінгу з боку ўладаў. Мы з гонарам адзначаем адвагу Юліі і яе вялікі ўклад у развіццё прафесіі журналіста ў Беларусі. Члены Міжнароднага інстытута прэсы ва ўсім свеце салідарныя з Юліяй і „Прэс-клубам” Беларусі, а таксама з усімі журналістамі ў краіне, якіх пераследуе рэжым. Мы патрабуем вызваліць усіх арыштаваных журналістаў у Беларусі і неадкладна спыніць рэпрэсіі”, — сказала Трыёнфі.

У сваю чаргу выканаўчы дырэктар арганізацыі International Media Support Еспер Хойберг адзначыў: „Юлія Слуцкая бясстрашна абараняла правы журналістаў на працу і права грамадзян на доступ да дакладнай інфармацыі ў Беларусі. Юлія кіравала беларускім „Прэс-клубам”, які адкрыта падтрымліваў медыясупольнасць краіны, прасоўваў стандарты журналістыкі і даваў пляцоўку для дыскусій. Гэтая ўзнагарода — напамін усім аб тым, як нястомна беларускія журналісты адстойваюць свабоду прэсы. Выказваю маю глыбокую павагу Юліі Слуцкай і яе калегам”.

БелаПАН