Юлія Уласенка: Мне пагражаюць пазбаўленнем бацькоўскіх правоў



Дачку віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай учора затрымалі нібыта за заклікі на несанкцыянаваную акцыю, хаця яна праз тэлеграм-чат усяго толькі дамаўлялася з сябрамі, каб пайсці на футбольны матч.

Прыгадалі і тое, што яна шмат разоў удзельнічала ў розных акцыях падчас гэтай агітацыйнай кампаніі. Некалькі гадзінаў жанчына знаходзілася ў аддзеле міліцыі Першамайскага раёна, дзе ёй пагражалі, што адбяруць дзяцей – дзесяцігадовую Варвару і трохгадовую Еўдакію. Юлія Уласенка пераказвае пачутае:

– Вось ты пакуль ходзіш на плошчы на свае, твае дзеці як бяздомныя ходзяць… Я кажу: “Мае дзеці? Мае дзеці заўсёды пад наглядам!” Мне кажуць :”Вось вы “Жыве Беларусь!” крычыце, а ці ведаеце, што так фашысты ва Украіне крычалі? І як ваш муж гэта ўсё трывае, ён жа нармальны спакойны мужык”. Адказала ім, што мой муж і мяне, і маю маці цалкам падтрымлівае!

Мінулым вечарам Юлію Уласенку ўжо былі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, але ў жанчыны паднялася тэмпература. Міліцыянты выклікалі хуткую дапамогу, і затрыманую давялося вызваліць – яе накіравалі дадому на самаізаляцыю, з умовай, што ў панядзелак яна звернецца ў паліклініку. Маці Юліі, Алену Янушкоўскую, пакінулі пад вартай.  Абедзвюх затрымалі прыкладна ў адзін час. Але  спадарыню Алену абвінавацілі ў хуліганстве і ў парушэнні правілаў дарожнага руху – за тое, што яна вяла стрым ад выбарчага ўчастка №2, які месціцца ў вёсцы Пестуніца. Блогерка акрэдытаваная там у якасці назіральніцы, але на выбарчы ўчастак яе не дапускалі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск