Юлія Юхно: Дапамога Беларусі ў Італіі – гэта прыватная справа
Беларусы, што жывуць у Італіі, рыхтуюць падарункі дзецям палітычных рэпрэсаваных на Радзіме.

Народная амбасадарка Беларусі ў Італіі Юлія Юхно распавядае, што беларускія справы ў гэтай краіне – гэта прыватная ініцыятыва і справа невялікай групы людзей:
– Я б сказала, што гэта прыватная ініцыятыва, таму што з кожным годам цікавасць да Беларусі падае. І ўздымаць яе і трымаць на якімсьці ўзроўні даволі складана. То бок усё, што робіцца, робіцца сіламі актывістаў. Я зараз кажу не толькі пра беларускіх актывістаў, але і італьянскіх, якія спрабуюць неяк падтрымаць беларускую справу. Я думаю, такі працэс адбываецца не толькі ў нас, але і ў іншых краінах.
Па словах Юліі, беларусы, што жывуць у эміграцыі, таксама мусяць і самі цікавіцца беларускімі справамі:
– Мне падаецца, што беларусам трэба быць зацікаўленымі самім у сваёй справе. Таму што, калі на адкрыццё выставы прыходзіць 15 італьянцаў і 5 беларусаў, – гэта не вельмі крута. Мне падаецца, што нам трэба займацца перш за ўсё самімі сабой, а потым астатнія падцягнуцца.
Юлія Юхно канстатуе, што зараз на тэрыторыі Італіі жыве каля 10 тысяч беларусаў. Гэта як людзі, што з’ехалі ў Італію 10 і болей год таму, так і прадстаўнікі «новай беларускай эміграцыі».



Беларускае Радыё Рацыя
