Стала вядома імя «хлопца з бензапілой» (абноўлена)



Імя хлопца, які 8 кастрычніка ўчыніў напад у ГЦ «Еўропа», — Улад Казакевіч. Імя хлопца паведаміла «Свабодзе» ягоная аднакурсніца.

Ён вучыўся на юрыдычным факультэце, спецыяльнасць – міжнароднае права.

Як паведаміла Беларускае тэлебачанне са спасылкай на праваахоўныя органы, малады чалавек два гады таму праходзіў лячэнне ў псіхіятрычным дыспансеры.

БТ удакладняе: «Бацька з маці не жывуць разам і выхаваннем дзіцяці не займаліся. Бацька жыве асобна ад сына ў Менску. Маці і сястра — за мяжой». Сваю віну падазраваны прызнаў, сцвярджае БТ, а ў якасці матыву называе «расчараванне ў сабе, агіду да чалавецтва, дэпрэсіўны настрой». Паведамляецца, што хлопец хацеў быць забіты пры затрыманні.

* * *

17-гадовы юнак, які напаў вечарам 8 кастрычніка з бензапілой і сякерай на менскі гандлёвы цэнтр „Новая Еўропа”, паводле яго слоў, „хацеў пасекчы людзей”, паведаміў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Аляксей Волкаў на экстраннай прэс-канферэнцыі ў нядзелю.

Паводле слоў Волкава, малады чалавек з багатай сям’і, мае кватэру ў Менску і жыве асобна ад бацькоў. З’яўляецца студэнтам першага курса. Падстаў падазраваць, што падчас учынення злачынства ён быў пад уздзеяннем псіхатропных ці наркатычных рэчываў, няма, паведаміў прадстаўнік СК.

За тры-чатыры гадзіны да ўчынення злачынства юнак, паводле яго слоў, выпіў 150 г гарэлкі. Падстава для — „хацеў пасекчы людзей”.

Затрыманаму прызначана комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза, паколькі яго псіхічны стан выклікае ў следства пытанні.

Юнака затрымалі наведвальнікі і работнікі гандлёвага цэнтра. Служба бяспекі ГЦ, як вынікае з аналізу відэазапісаў, у затрыманні не ўдзельнічала.

Як паведаміў Волкаў, паводле ўдакладненых звестак, пацярпелых трое, усе жанчыны: 43-гадовая памерла на месцы, 46-гадовая знаходзіцца ў шпіталі, яшчэ адна (узрост не названы) — на лячэнні дома.

belapan.by