Юрась Беленькі: Не трэба паддавацца на правакацыі



Намеснік старшыні Партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі выказаў сваё меркаванне з нагоды сітуацыі, якая склалася вакол Курапатаў.

Нагадаем, што абаронцы Курапатаў працягваюць несці варту ля рэстарана “Поедем, поедим”, які пабудаваны ў непасрэднай блізкасці ад месца масавых расстрэлаў людзей у 30-я гады.

Юрась Беленькі: Наступ на Курапаты ідзе не ўпершыню. Раней была дарога, праз якую спрабавалі знішчыць гэтае месца памяці. Ламалі крыжы, збівалі абаронцаў Курапатаў. Зараз, напрыклад, сярод тых, хто нясе варту, ёсць і наш калега Уладзімір Плотнікаў, і яму яшчэ ў 2001 годзе за абарону Курапатаў міліцыянты адбілі нырку так, што яе затым давялося выдаліць. Але чалавек і зараз стаіць на варце з бел-чырвона-белым сцягам.

Што датычыцца самой сітуацыі, якая склалася, то я згодны з тымі, хто лічыць, што з’яўленне рэстарана ў такім месцы – гэта не прыватная ініцыятыва забудоўшчыкаў. Яны – інструмент, а генератар такой палітыкі знаходзіцца ў Маскве. А беларускія ж улады – яны ў прамой залежнасці ад Крамля. Іншае пытанне: чаму гэта робіцца? Чаму збіраюцца знішчыць Курапаты? Напэўна, ёсць такая задача – зрабіць у Беларусі зачыстку.

РР: Зараз супрацьстаянне працягваецца. Што далей?

Юрась Беленькі: Па-першае, я бачу, што зараз да рэстарана прыязджае шмат правакатараў. І нават сярод абаронцаў ёсць людзі, якія паводзяць сябе, мякка кажучы, неразумна. Фактычна яны працуюць на рэжым, бо лёгка паддаюцца на гэтыя правакацыі і абсалютна не рэагуюць на слушныя заўвагі тых, хто просіць не дыскрэдытаваць абаронцаў Курапатаў.

У той жа час усё гэта спакойна запісваюць на відэа работнікі спецслужб. Яны нават не хаваюць задавальненне ад правакацый і сутычак. Не выключаю, што ў будучым захоп мемарыяла будзе адбывацца на фоне вялікай прапагандысцкай кампаніі. Таму яшчэ раз заклікаю не паддавацца на правакацыі. Калі, натуральна, ты сам не правакатар.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя