Юрась Беленькі: Слуцкі збройны чын адзначым у традыцыйным фармаце



Менскі аблвыканкам дазволіў Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ правесці мерапрыемствы, прысвечаныя Слуцкаму збройнаму чыну. Па словах намесніка старшыні партыі і аднаго з заяўнікаў мерапрыемства Юрася Беленькага, традыцыйны фармат заяўкі не быў зменены. „Так як мы прасілі, так нам і дазволена,” – сказаў ён. Мерапрыемства ў Слуцку, а таксама ў Слуцкім і Капыльскім райнах адбудуцца 29 лістапада.

– Гэта комплексныя мерапрыемствы, якія ўлічваюць наведванне тых месцаў, дзе адбываліся баі слуцкіх паўстанцаў з расейскімі акупацыйнымі збройнымі сіламі. Мы наведаем Грозаў, Семежава, Вызну, цяпер называецца Чырвоная Слабада. У кожных з гэтых месцаў будзе праведзены мітынг.

Завершыцца гэты аўтобусны прабег у Слуцку, дзе таксама адбудзецца мітынг. Збор пачнецца ў 14.30 каля мясцовага краязнаўчага музея. „Менавіта ў гэтым гістарычным будынку ў 1920 годзе быў штаб паўстанцаў,” – удакладніў Юрась Беленькі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя