Юрась Губарэвіч: Адказу з міліцыі да гэтага часу няма
Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавёў, што да гэтага часу не вырашана пытанне аплаты працы міліцыі на Дзень Волі ў сталічным Кіеўскім скверы.
Як вядома, арганізатары святкавання Дня Волі ў Менску прынялі рашэнне адмовіцца ад аплаты паслуг міліцыі. Прэтэнзіі да працы сталічнай міліцыі былі сфармуляваны ў пісьмовай форме, іх аднеслі ў ГУУС Менгарвыканкама.
Юрась Губарэвіч: Прайшло ўжо амаль два тыдні з таго часу, як у Менску адсвяткавалі Дзень Волі, а пытанне аплаты так і завісла ў паветры. Адказу з ГУУС Менгарвыканкама не маем да гэтага часу.
Наколькі мне вядома, міліцыя настойвае, каб сума аплаты была падвышана, бо ў мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 1000 чалавек. У сваю чаргу мы просім абгрунтавання такіх падлікаў і задаем пытанне: якія былі методыкі падліку? Але ж маўчаць, таму што, напэўна, ніякага падліку яны не вялі. А калі такі і быў, то ён далёкі ад рэальнасці. Адным словам, міліцыя трымае паўзу, а мы на дадзены момант таксама пакуль не аплочвалі выстаўлены рахунак.
РР: Калі перамоўная сітуацыя зойдзе ў тупік?
Юрась Губарэвіч: Тады адназначна – суд.
РР: Ці хапае ў вас сродкаў, каб аплаціць заяўленую суму?
Юрась Губарэвіч: Не хапае, хаця мы працягвалі збор сродкаў і пасля Дня Волі. Але пасля таго, як мерапрыемства ўжо адбылося, людзі не вельмі ахвотна ахвяруюць грошы. Могуць быць нейкія разавыя паступленні, але і яны пакуль не ратуюць бюджэт. Ёсць прыкладна палова неабходнай сумы, якую неабходна заплаціць за правядзенне Дня Волі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя