Юрась Губарэвіч: Мы працягваем збіраць сродкі, каб разлічыцца за День Волі
Святкаванне Дня Волі ў Менску 24 сакавіка адбылося годна, – лічыць старшыня Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч.
Па яго словах, у Кіеўскім скверы на мітынг-канцэрт сабралося дастаткова шмат людзей. Міліцыя нават паведаміла арганізатарам, што колькасць, пазначаная ў заяўцы, перавышана, і за гэта, магчыма, яшчэ прыйдзецца даплочваць.
– Заяўлена было, як і ў Гародні, – да тысячы чалавек. Аднак у Гародні міліцыя палічыла, што сабралося 600 чалавек. У нас палічыла, што сабралося больш за паўтары тысячы. І напэўна будуць выстаўляць дадатковыя рахункі. Гэта яшчэ 100 базавых велічыняў – 2500 рублёў. Канешне, яшчэ працягваем збор сродкаў, бо сабрана толькі каля 6000 рублёў, гэта менш за палову ад неабходнай сумы. Заклікаем тых, хто хоча зрабіць ахвяраванні, то можна зрабіць праз рахункі як у Беларусі, так і ў Польшчы.
У той жа час плануюцца мерапрыемствы на наступны год. Бо трэба ўжо зараз думаць над тым, у якім фармаце будзе свята, хто яго будзе арганізоўваць.
„Мы бярэм на сябе адказнаць рабіць свята Дня Волі па ўсёй Беларусі, а не толькі ў Менску. І заклікаем усе дэмакратычныя сілы яднацца, бо вельмі важна, каб падрыхтоўка да Дня Волі праходзіла супольна,” – сказаў Юрась Губарэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя