Юрась Губарэвіч: Мяне аштрафавалі за інтэрв’ю незалежным медыя
Адным з тых, каго судзілі 10-га студзеня за ўдзел у акцыях за незалежнасць Беларусі, быў палітык Юрась Губарэвіч. Прадстаўнік Руху «За Свабоду» быў пакараны 810 рублямі штрафу. Прысуд выносіла суддзя Анастасія Ляйкоўская.
У каментары для Радыё Рацыя Юрась Губарэвіч патлумачыў, за што менавіта ён быў асуджаны.
– Справа шыта белымі ніткамі. Па-першае, у копіі пратакола ўвогуле няма ніякіх звестак, яна разыходзіцца з тым арыгіналам, які ёсць у суда. Па-другое, сведчанні міліцыянтаў звадзіліся толькі да таго, што я прысутнічаў на плошчы і даваў інтэрв’ю сродкам масавай інфармацыі. Пратакол ніякага доказу майго актыўнага ўдзелу не ўтрымліваў. Я не адмаўляю факт прысутнасці, але не абавязаны сведчыць супраць сябе і даказваць сваю віну. Для суда гэта не аргумент. Суд прымае рашаэнне ўжо загадзя спушчанае зверху.
Суддзя па хадайніцтве Юрася Губарэвіча вяла працэс на беларускай мове. Варта адзначыць, што ў пратакол, уручаны палітыку, у адрозненне ад таго, які прадаставілі ў суд, быў амаль пустым, у ім былі ўпісаныя толькі прозвішчы сведкаў-міліцыянтаў.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск