Юрась Губарэвіч: Нашыя вайскоўцы павінны выхоўвацца на беларускіх традыцыях
Рух “За Свабоду” разаслаў да кіраўніцтва беларускай арміі, Ваенную акадэмію, Сувораўскую вучэльню і шэрагу вайсковых частак па ўсёй краіне інфармацыйныя матэрыялы, прыдатныя для патрыятычнага выхавання вайскоўцаў. Яны атрымалі дзясяткі камплектаў плакатаў “Палкаводцы і ваенаначальнікі зямлі беларускай”. Гэтая серыя паштовак-плакатаў – „даніна памяці і павагі да нашых суайчыннікаў, якія на працягу тысячагадовай беларускай гісторыі праз змены дзяржаўнай прыналежнасці і шматлікія войны прынеслі гонар і славу айчыннай зброі”. Кажа намеснік старшыні «Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:
– Беларускае войска павінна выхоўвацца на мясцовых патрыятычных традцыях. Героі і палкаводцы для салдат павінны быць тыя, хто ваяваў за інтарэсы народа, які пражываў на тэрыторыі Беларусі. Мы павінны быць пазбаўлены расейскага ўплыву, які зараз дамінуе, пачынаючы ад назвы Сувораўскай вучэльні, заканчваючы тым, што асноўныя вайсковыя прыклады перамогі, якія прыводзяцца ў вучэльнях, яны часам, хоць і адбываліся на нашай тэрыторыі, але гэтыя войны былі супраць нашага народа. Беларускія вайскоўцы павінны цаніць нашыя вайсковыя традыцыі.
На плакатах, дасланых у беларускае войска, змешчаны партрэты і біяграфіі Усяслава Полацкага, Альгерда, Вітаўта, Канстанціна Астрожскага, Тадэвуша Касцюшкі, Станіслава Булак-Балаховіча, Івана Якубоўскага, Льва Даватара ды іншых знаных палкаводцаў і ваенаначальнікаў. Дасыланне вайскоўцам патрыятычных плакатаў стала прыкладам магчымага супрацоўніцтва грамадства і войска дзеля патрыятычнага выхавання абаронцаў Бацькаўшчыны.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя