Юрась Губарэвіч: Няма еднасці ў правядзенні Дня Волі – 2019
Еднасці няма, таму ўлады могуць сабе дазволіць маніпуляваць. Так кажа пра падрыхтоўку святкаванняў 25 сакавіка – палітык Юрась Губарэвіч.
Менгарвыканкам афіцыйна адмовіў заяўнікам акцыі да Дня Волі, якія хацелі правесці святкаванне 24 сакавіка на стадыёне “Дынама”. І таксама сталічныя ўлады не задаволілі заяўку на правядзенне 24 і 25 сакавіка мітынгу з нагоды Дня Волі – 2019 ля Опернага тэатра. Падставай нібыта стала тое, што арганізатары да атрымання дазволу распаўсюдзілі інфармацыю пра мітынг у СМІ. Падстава надуманая, лічыць старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
– Няма ніякіх падставаў адмаўляць у мерапрыемстве каля Опернага тэатра, дзе яно прайшло ў мінулым годзе і не выклікала нараканняў з боку гарадскіх уладаў і з боку міліцыі. Але тут важнасць ёсць супольнага падыходу. Бо калі ёсць некалькі заявак, некалькі варыянтаў, то натуральна ўлада можа выбіраць паміж іх слабейшыя, або ўвогуле адмаўляць усім, бо няма еднасці.
Дзень Волі адзін, але аркамітэты розныя. Заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства на стадыёне «Дынама» падавалі ад юрыдычных асобаў культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і Партыі БНФ. Канцэрт каля Опернага тэатра планавалі правесці прадстаўнікі правацэнтрыскай кааліцыі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя