Юрась Губарэвіч: Пальчыс папярэджваў



Кіраўнік руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч выказаў сваё стаўленне да арышту беларускімі спецслужбамі прарасейскіх журналістаў.

Юрась Губарэвіч: Я лічу, што любая дзейнасць, якая скіравана супраць незалежнасці краіны, трапляе пад крымінальны пераслед. Гэта парушэнне і Канстытуцыі, і крымінальнага заканадаўства, бо ў артыкулах аўтараў былі заклікі да інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Хаця дакладна не магу сказаць, ці варта было за гэта змяшчаць пад варту. Але ў любым выпадку такія дзеянні і такія заклікі недапушчальныя, хто б не заклікаў да страты незалежнасці ці непрызнання статуса Беларусі, як незалежнай дзяржавы.

РР: Сітуацыю каментуюць шмат, знаходзяцца і такія, хто параўноўвае гэтую справу і справу блогера Эдуарда Пальчыса, якога не так даўно судзілі за антырасейскія артыкулы…

Юрась Губарэвіч: Вельмі недарэчнае параўнанне, бо якраз Пальчыс і папярэджваў пра пагрозу такіх прарасейскіх заклікаў, пра пагрозу развязвання магчымай гібрыднай вайны ў дачыненні да Беларусі. А дзейнасць прарасейскіх журналістаў – якраз і была часткай інфармацыйнай вайны, якая рабілася свядома, за грошы і па замове.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя