Юрась Губарэвіч: Праблема таксама і ў залежнасці судовай сістэмы



«У Беларусі павінна быць незалежная судовая сістэма, якая б гарантавала справядлівы разгляд любой справы. У такім выпадку сфабрыкаваныя на этапе следства справы проста не маюць шанца быць разгледжаны ў судзе, а па іх прынятыя станоўчыя рашэнні», – такое меркаванне выказвае старшыня «Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч у справе зменаў у антынаркатычным законе, якія знаходзяцца на разглядзе ў беларускім парламенце.

– Не можам даць гарантыі, што людзі, якія зараз знаходзяцца па гэтым артыкуле ў турмах,у поўнай меры вінаватыя ў тым, што ім прад’яўляюць. Натуральна барацьба з наркаманіяй павінна адбывацца. Гэта велічэзнае зло. І ў выпадку, калі будуць уносіцца нейкія змены ў заканадаўства, гэта не павінна ўзмацніць пазіцыі наркадылераў, якія працуюць праз няпоўнагадовых, як мы ведаем, прапаноўваецца падвысіць узрост адказнасці да 18 гадоў, каб праз гэтых, 16-ці, 17-ці гадовых хлопцаў і дзяўчат наркадылеры не выбудоўвалі новыя сеткі ў Беларусі.

Раней актывісткі ініцыятывы «Матчын рух 328», якія выступаюць за лібералізацыю «антынаркатычнага» заканадаўства, выказалі сваю незадаволенасць прапанаванымі зменамі ў законе «Аб змене некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь». Актывісткі руху лічаць, што новы закон не паўплывае на тых асуджаных, якія ўжо адбываюць пакаранне ў калоніях. Дакумент паступіў у Палату прадстаўнікоў і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ён прадугледжвае карэкціроўку пяці «антынаркатычных» артыкулаў. Прапануецца, у прыватнасці, знізіць мінімальныя тэрміны пакарання, а таксама замяніць канфіскацыю маёмасці на штраф для тых, хто трапіў пад крымінальны пераслед па частках 2 і 3 артыкула 328.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя