Юрась Губарэвіч: Улады бегаюць, як пажарныя



Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч патлумачыў, чаму на Дзень Волі ўлады вырашылі ўзняць хвалю рэпрэсій.

Нагадаем, што актывіста Змітра Дашкевіча 26 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Менска аштрафаваў на 45 базавых адзінак за тое, што ён падчас канцэрта 24 сакавіка быццам бы заклікаў людзей на несанкцыянаваную акцыю. Хаця насамрэч Зміцер выступіў з прапановай памаліцца ў Курапатах і паставіць свечкі.

У Дзень Волі, 25 сакавіка, у цэнтры горада затрымлівалі звычайных людзей з кветкамі і тых, хто быў з бел-чырвона-белымі сцяжкамі. Таксама былі затрыманы вядомыя беларускія музыкі, якія планавалі даць невялікі канцэрт.

Юрась Губарэвіч: Думаю, гэтыя затрыманні ўлады загадзя рыхтавалі. І, можа быць, на больш жорсткія крокі іх справакавала мерапрыемства, якое адбылося ў Кіеўскім скверы. Па разліках уладаў, на святкаванні павінна было прымаць удзел значна менш людзей.

Падчас перамоў у гарвыканкаме нам сказалі прыкладна так: калі збярэцца менш за 500 людзей, то мы можам не выстаўляць турнікеты. Па іх ацэнках, павінны было прыйсці ўсяго некалькі соцень людзей. Але нават па дадзеных гарадской міліцыі, якім абсалютна нельга давяраць, прыняло ўдзел больш за 1500 чалавек. І гэтую лічбу свабодна можна памнажаць на тры.

РР: Улады пабаяліся хвалі свабоды?

Юрась Губарэвіч: Яны пабаяліся хвалі, якая пачалася ў Гародні, а затым пайшла ў Менск. На Дзень Волі, 25 сакавіка, сталіца была ўся ў аўтазаках, відавочна, што ўлады баяліся працягу святкаванняў. Таму затрымлівалі ў цэнтры горада і палітыкаў, і музыкантаў.

РР: Адным словам, прыдушылі тое, што раней самі ж дазволілі.

Юрась Губарэвіч: Улады паказалі, што свабоду яны будуць выдаваць дазіравана і толькі з дазволу. Я перакананы, што рэжым адчувае рэальную атмасферу ў Беларусі і баіцца, каб святкаванні не перараслі ў пратэсты. Таму на ўсялякі выпадак і бегаюць, як пажарныя з вогнетушыцелямі, каб пагасіць любую іскарку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя