Юрась Губарэвіч: Яшчэ маем час для супольнага правядзення Дня Волі
Яшчэ маем час, каб годна адсвяткаваць Дзень Волі – 2019. Кажа старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Правацэнтрыская кааліцыя рэагуе на непаразуменні са святкаваннем Дня Волі – 2019 і прапануе аб’яднацца. Сёлета ў Менску два розныя аргкамітэты падавалі заяўкі на святкаванне Дня Волі, але мясцовыя ўлады іх не задаволілі. «Арт-сядзіба» і партыя БНФ хацелі адсвяткаваць Дзень Волі на стадыёне «Дынама», але пасля адмовы менскіх уладаў – падалі дзве новыя заяўкі з іншымі сцэнарамі. Другі аркамітэт, куды ўваходзіць і Рух «За свабоду», прапаноўваў, як і летась сабрацца на канцэрт каля Опернага тэатра. Гэтая заяўка таксама атрымала адмову.
Юрась Губарэвіч:
– Наша прапанова, ад тых арганізацый, якія ў мінулым годзе падпісвалі гэтую заяўку, я тут нагадаю ўдзел Руху „За свабоду”, АГП, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, вялікая падтрымка была і з боку аргкамітэта па стварэнню Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Наша пазіцыя – прапанова аб’яднацца. Лічым, што мы яшчэ мае час для таго, каб сесці за круглы стол разам з іншымі зацікаўленымі ў праведзенні Дня Волі бакамі і абмеркаваць адзіны сцэнар.
Два аргкамітэты пакуль чакаюць адказы ад уладаў і прапануюць розныя варыянты святкаванняў. Не выключаная і вулічная несанкцыянаваная акцыя, калі ніводная з заявак не будзе задаволеная.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя