Юрась Губарэвіч: Задача – даць чалавеку дарасці да той пасады, якую ён хацеў бы займаць



Апазіцыя занялася падрыхтоўкай кадравага рэзерву, каб быць гатовай да змены ўлады. Пра тое, як рыхтуецца кадравы рэзерв для дэмакратычнай Беларусі і які будзе падыход да прызначэння на кіруючыя пасады, мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя, кіраўніком грамадскай арганізацыі Рух «За свабоду», намеснікам Паўла Латушкі па пытаннях падрыхтоўкі кадравага рэзерву для новай Беларусі Аб´яднанага пераходнага кабінета Юрасём Губарэвіч.

З ім размаўляе наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

РР: Як вашы справы па падрыхтоўцы кадраў для будучай Беларусі?

Юрась Губарэвіч: Кампанія працуе трохі менш за год, але ўжо ёсць першыя поспехі. На дадзены момант каля 500 чалавек, якія запісаліся ў кадравы рэзерв, што характэрна – траціна з іх працягвае жыць у Беларусі. І сярод гэтых людзей ёсць як былыя чыноўнікі альбо людзі, якія мелі досвед працы ў дзярсектары, так і тыя., хто застаюцца ў Беларусі і працуюць у сістэме, але такім чынам яны дэкларуюць сваё жаданне будаваць незалежную новую Беларусь пасля таго, як адбудуцца перамены ў нашай краіне.

РР: Цікава тое, што яны не перасцерагаюцца ад таго, што іх могуць выявіць. Нейкая сістэма бяспекі ёсць у гэтым?

Юрась Губарэвіч: Гэта ключавое для нас пытанне – забеспячэнне бяспекі ўдзельнікаў не толькі тых, хто ў Беларусі, але і тых, хто за мяжой, бо ў траўні бягучага года кадравы рэзерв быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Таму для ўдзельнікаў могуць быць пэўныя праблемы, нават сур’ёзныя праблемы, калі іх выявяць. А мы, як правіла, камунікуем анлайн. Нашыя прапановы па адукацыі – гэта збольшага тое, што рэалізуюць нашы партнёры, дзе кожны можа запісацца самастойна. Таксама ёсць навучальная праграма ўжо непасрэдна кадравага рэзерву, якую мы рэалізуем анлайн. Ёсць афлайн-праграмы. Гэта азнаямляльнага рознага кшталту, паездкі, сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржструктураў або самакіравання краінаў Еўразвязу. Але тут удзельнікі падобных паездак даюць згоду на тое, што з іх персанальнымі дадзенымі мы працуем больш глыбока. І яны разумеюць рызыкі, якія могуць пацягнуць удзел у падобнага кшталту мерапрыемстве.

Тым не менш цікаўнасць застаецца вельмі высокай, нават на анлайн-лекцыі больш за сотню людзей падключаецца і з задавальненнем слухаюць досвед стварэння і развіцця дзяржаўнай службы ў еўрапейскіх краінах. Мы стараемся прапаноўваць рознага кшталту інфармацыю, дзе кожны змог бы знайсці штосьці цікавае і карыснае для сябе, бо задача – даць чалавеку дарасці да той пасады, якую ён хацеў бы займаць у будучыні ў Беларусі.

У нас больш за сорак працэнтаў удзельнікаў пазначыла ў анкеце, што яны бачаць сваё месца недзе ў галінах улады на рэгіянальным узроўні. Гэта значыць, што не ўсе хочуць быць міністрамі. І зразумела, што ў родных гарадах, рэгіёнах, абласцях таксама патрэбны новыя людзі, новыя спецыялісты, якія будуць выводзіць краіну з таго тупіка, куды яе завёў Лукашэнка.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя