Юрась Губарэвіч: Затрыманні можна толькі асудзіць



„Гэта не было нечаканым сцэнаром, у тым ліку і для саміх затрыманых. Улады, на жаль, дастаткова часта прыбягаюць да такіх мераў”, – так каментуе прэвентыўныя затрыманні прыхільнікаў і арганізатараў несанкцыянавага шэсця ў Дзень Волі старшыня Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Нягледзячы на тое, што гэта прагназавана, на маю думку, гэта канешне абуральна. Затрыманні можна толькі асудзіць. У прынцыпе ўжо ёсць афіцыйная пазіцыя аргкамітэта, які рыхтуе мерапрыемства на 25 сакавіка, з асуджэннем затрыманняў, якія адбыліся сёння.

„У той жа час нельга казаць, што ўлады спалохаліся правядзення несанкцыянавага шэсця”, – дадае палітык:

– Наўрад ці там можна было прагназаваць вялікую колькасць удзельнікаў. Наўрад ці таксама можна было прагназаваць нейкі не мірны характар несанкцыянаванага шэсця. Хутчэй за ўсё ўлада проста дзейнічае па сваіх звычайных сцэнарах.

Рух „За свабоду” ў якасці заяўніка святочнага канцэрта на Дзень Волі працуе над яго правядзеннем і не планаваў удзелу ў несанкцыянаваным уладамі шэсці”, – кажа Губарэвіч.

Нагадаем, сёння адбыліся прэвентыўныя затрыманні арганізатараў несанкцыянаванага шэсця у Дзень Волі. Затрыманыя апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў, сустаршыня руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык і апазіцыйны актывіст Максім Вінярскі. Мікола Статкевіч не выходзіць з дому.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя