Юрась Лукашэвіч: Да гэтага часу не магу выехаць за мяжу
Намеснік старшыні Партыі БНФ і былы кіраўнік Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч кажа, што з яго да гэтага часу не знялі абмежаванні па выезде за мяжу і патрабуюць заплаціць грошы БДУ.
Нагадаем, што былы лідар «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч быў адлічаны з гістарычнага факультэта БДУ вясной мінулага года. Сам ён называў гэта “палітычным адлічэннем”.
Тры месяцы таму намесніка старшыні Партыі БНФ знялі з цягніка па дарозе ў Кіеў. Тады памежнікі паведамілі Лукашэвічу, што да яго ёсць прэтэнзіі ў Белдзяржуніверсітэта, а таму пакідаць межы Беларусі забаронена.
Юрась Лукашэвіч: Наўрад ці буду аднаўляцца ў БДУ, хачу падаць дакументы ў Менскі каледж прадпрымальніцтва, у якім раней ужо навучаўся. Але праблемы з Бедзяржуніверсітэтам застаюцца, таму да гэтага часу я лічуся невыязным.
РР: Засталіся грашовыя запазычанасці?
Юрась Лукашэвіч: Калі 3 мая гэтага года памежнікі знялі мяне з цягніка па дарозе ў Кіеў, я па вяртанні дадому пачаў разбірацца што і да чаго. Высветлілася, што па рашэнні суда, на якім я, дарэчы не прысутнічаў, павінен яшчэ даплаціць БДУ нейкія 400 рублёў і плюс пеню – 200 рублёў. Нават не ведаю, адкуль узялася гэтая сума. У той тэрмін, калі мяне адлічвалі з універсітэта, пачыналася аплата за наступны семестр, можа быць, гэтыя грошы дадалі? Натуральна, пасля адлічэння я нічога не плаціў, але ж усё роўна нешта патрабуюць праз суд.
РР: Будзеце плаціць гэтыя грошы?
Юрась Лукашэвіч: Так, бо не магу выехаць па справах за мяжу. Судовыя выканаўцы ў гэтых справах нават разбірацца не будуць. Таму суму заплачу, але затым мае адвакаты будуць ужо разбірацца, наколькі законна патрабаванне БДУ.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя