Юрась Лукашэвіч: Канцэртны фармат падабаецца людзям



Намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Лукашэвіч распавёў пра тое, чаму такія мерапрыемствы, што прайшло ля Опернага тэатра 25 сакавіка, варта ладзіць і надалей.

Юрась Лукашэвіч: Лічу, што канцэрт і святкавання гадавіны БНР прайшло нашмат лепш, чым у мінулыя гады. Вядома, было б яшчэ лепш, калі б дазволілі і шэсце, і канцэрт, але, як бачым, на шэсці ўлада рэагуе дастаткова нервова. Тым не менш, да Опернага тэатра прыйшло шмат сталых народу, я столькі не бачыў на Дні волі ніколі. І ніколі не бачыў такога свята, якое арганізатары падарылі людзям.

РР: У той жа час у гэты дзень многіх затрымлівалі…

Юрась Лукашэвіч: Вельмі шкада, што ўлада не дала правесці шэсце і затрымлівала людзей. Мы былі з імі салідарныя, многіх пасля выпусцілі з пастарункаў. Але, паўтаруся, мне вельмі спадабаўся канцэртны фармат, бо я бачыў шчаслівыя твары людзей. Лічу, што святы павінныа адзначацца такім чынам заўсёды, але, натуральна, без затрыманняў.

РР: А як вы ставіцеся да таго, што некаторыя прапаноўваюць не святкаваць „у рэзервацыі”, у якую ўлада быццам бы заганяе апазіцыю?

Юрась Лукашэвіч: Прапаноўваю не рэагаваць на такія заявы, бо гэта толькі на руку ўладам, каб хочуць нас ізноў пасварыць. Трэба рабіць тое, што ты лічыш патрэбным і не перашкаджаць іншым. Варта падтрымліваць адзін аднаго, а не дзяліць на правільную і няправільную апазіцыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя