Юрась Меляшкевіч: Вельмі важна, каб тэлеканал быў беларускамоўным



“Падтрымка “Белсата” – чыннік, каб паказаць нашым польскім братам, што салідарнасць не ведае межаў,” – кажа намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Меляшкевіч.

Юрась Меляшкевіч: Я думаю, што праект “Белсата” вельмі важны для інфармацыйнай прасторы Беларусі. Гэта ці не адзіны такі маштабны праект, які супрацьстаіць агрэсіўнай і вельмі небяспечнай ідыялогіі “рускага свету”. І ён мае вялізны патэнцыял для развіцця, як супрацьдзеянне ў інфармацыйнай сферы, так і фармаванне гістарычнага пункту гледжання беларусаў. Бо “Белсат” здольны цудоўна рабіць гістарычную дакументалістыку ды аналітыку, даваць прастору для выказвання гісторыкам з іх ацэнкамі мінуўшчыны, для палітыкаў, якія выказваюць думкі адносна падзей сёняшняга дня. На мой погляд, гэты тэлеканал – экстрэмальна важны для нас рэсурс. І яго падтрымка паказвае салідарнасць паміж двума народамі – польскім і беларускім. Таму зараз вялікая частка беларускага грамадства можа ўспрыняць сітуацыю вакол “Белсата” як звужэнне гэтай салідарнасці, што вельмі і вельмі прыкра. Тым больш што Польшча, думаю, таксама рэальна ацэньвае пагрозы з боку Расеі.

РР: Зараз у Беларусі праходзяць шматлікія акцыі ў падтрымку “Белсата”…

Юрась Меляшкевіч: Падтрымка тэлеканала – гэта агульны чыннік, каб паказаць нашым польскім братам, што салідарнасць не ведае межаў.

РР: Плануецца, што замест “Белсата” ў кабельных сетках у Беларусі будзе польскі тэлеканал “Палонія”. На ваш погляд, ці раўнацэнная такая замена?

Юрась Меляшкевіч: На жаль, я не глядзеў “Палонію” шмат часу, але, як мне падаецца, вельмі важна, каб тэлеканал быў беларускамоўным. “Палонія” таксама павінна быць у беларускай прасторы, у нас жывуць палякі, якім цікава ведаць пра тое, што адбываецца ў Польшчы. Але, паўтаруся, вельмі важна мець і свой незалежны беларускамоўны тэлеканал.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя