Юрась Навіцкі выклаў у сеціва кнігу пра катаванні
Праваабаронца і журналіст Юрась Навіцкі выклаў у сеціва новую кнігу з больш як трыма дзясяткамі ілюстрацыяў.
Пра гэта бліц-інтэрв’ю з аўтарам.
– Юрась, пра што ваша новая кніжка?
– Гэна не асобная кніжка, але працяг ужо вядомай кніжкі турэмных пэйнт-рэпартажаў. Дапаможнік пра міліцэйскія катаванні, з якімі я сутыкаўся асабіста.
– Што вас натхніла на яго напісанне?
– Замоўныя артыкулы ў дзяржаўнай і жоўтай прэсе “як добра жыць у краіне позняга лукашызму” пра міліцыю і турмы.
– Што з імі ня так?
– Яны неаб’ектыўныя і/ці непрафесійныя. Гэна заўсёдная беларуская хвароба – непрафесіяналізм і хайп. Адны пішуць пра турму, пабыўшы хвіліну ў дэманстрацыйнай каморы, другія малююць катаванні, ніколі іх не перажыўшы і нават блізка іх не ўяўляючы. Потым адзін аднаго ўзнагароджваюць за “лепшыя” пастановачныя фота і штучныя карціны.
– А ваша кніжка лепей?
– Усё ж такі я журналіст і праваабаронца болей за 20 гадоў. Другое – прафесійны журналіст і праваабаронца заўжды ў нейтралітэце. Трэцяе – я бачыў праблему знутры. Няшмат. Але гэна зусім іншы ракурс. І таго, што я бачыў, дастаткова.
– Але як вы трапілі ў турму, маючы недатыкальны афіцыйны статус журналіста і праваабаронцы, пасведчанні?
– Проста не паведамляў міліцыянтам і судзі. Інакш атрымаў бы штраф у горшым выпадку. Але варта было таго. Інакш як даведаешся? Раней мы публікавалі маніторынгі – чырвоныя, чорныя, белыя кнігі (у 90-я, 2000-я), а зараз магчымасці маніторыць няма, нашых праваабаронцаў не ўключаюць у грамадскія камісіі.
– Чым ваш дапаможнік можа дапамагчы людзям, якіх катуюць?
– Можа дапамагчы не абазнаным людзям, маральна не гатовым да катаванняў. Папярэджаны – значыць, узброены. Падрыхтаваны чалавек ня будзе шакаваны, ня будзе панікаваць, рабіць глупствы, захавае цвярозы розум, што будзе толькі на карысць яму.
– Пра што ваш паліпціх “Катаванні”?
– Гэна спроба перадаць з дапамогай мастацтва пачуцці катаванага: боль, нянавісць да катаў, злосць, роспач, жах, шок, стрэс. Малюнкі былі зробленыя за вялікі перыяд часу, я некалькі разоў вяртаўся да гэнай тэмы. Магчыма, яшчэ вярнуся.
– Ваша першае затрыманне?
– І першае, у 90-х, і апошняе, у 2010-х – за палітычны стрыт-арт. Плакаты і постэры на тумбах і стэндах.
– Ваша першае збіццё?
– Папрасіў у міліцыянта прадставіцца. Іх шмат было.
– За што?
– Пры затрыманнях. За сцяг Еўразвяза. За фатаграфаванне “Драздоў”. Пры законных патрабаваннях з майго боку. Тройчы вымагалі флэш-карты са здымкамі “Драздоў”.
– Якіх драздоў?
– Правакатараў пад выглядам удзельнікаў. Аналаг украінскіх “цітушак”. Вось адзін правакатар, заўважыўшы, што я яго сфатаграфаваў, паказвае на сваю бела-чырвона-белую стужку на рукаве, маўляў, я свой. Вось правакатары ідуць побач са мной у калоне пратэстоўцаў, пераапранутыя пад гопнікаў альбо ў камуфляжы бы беларускія нацыяналісты, а пасля акцыі чарадой бягуць у райаддзел міліцыі. Вось яны імітуюць п’яных і куражацца на камеру, потым сядаюць у аўто БТ і з’яжджаюць. Нападаюць на ўдзельнікаў ці на міліцыянтаў, даішнікаў. А вось яны за спінамі мірных дэманстрантаў пачынаюць дрэўкамі адабраных ад некага апазіцыйных сцягоў і мегафонам з “Пагоняй” біць на камеры шкло і дзверы Дома ўраду, набітага амапам, б’юць тым жа мегафонам аператара. Гэнае робіцца, каб справакаваць разгоны, атрымаць узнагароды, прэміі, а апраўдацца негатыўнай карцінкай на БТ. Самы раскручаны з іх жоўтай прэсай – Дрозд. Таму агульная мянушка правакатараў – “дразды”. Я яшчэ дапішу гэную частку кніжкі пра іх, было ў мяне некалькі публікацыяў у Нашай Ніве і сацсетках, напрыклад, пра Плошчу-2006. Ёсць шмат фота, цэлыя фотакалажы-зборкі. “Дразды”, як я ўжо казаў, каб справакаваць жорсткія разгоны, вельмі часта нападаюць на ахову, фатографаў, аператараў. Нашай здымачнай групе яны зламалі тры розныя камеры.
– А ці шмат правакатараў бывае на акцыях?
– Тых, каго я лёгка вылічваў – да траціны ўдзельнікаў. Але даследаваць кожнага ўдзельніка акцыяў мэта ня ставілася.
– Што значыць “збівалі за сцяг Еўразвяза”?
– Было 90 год БНР. Кіраўнік разгону выціраў ногі аб сцяг ЕЗ. Я яго спіхнуў, але з усіх бакоў пачалі лупцаваць, я ўпаў на той сцяг, схапіў і не аддаў, хоць лупцавалі далей. Ня здолелі яго адабраць ад мяне. Затрымалі мяне разам з іншымі, але мы ўдвох з маладым хлопцам здолелі ўцячы з-пад канвою. І сцяг быў уратаваны. Мы з жонкай сустрэліся на Акадэміі навук і разгарнулі яго пад камерамі.
– Цяпер прэса ўскладае вялікія надзеі на новага міністра МУС, прадстаўляе яго як ліберала. Ваша меркаванне, чаго нам ад яго чакаць?
– Мы зноў вяртаемся да замоўных артыкулаў і жоўтай прэсы, якая, залежна ад сваіх зацікаўленасцяў, можа перавярнуць усё з ног на галаву. Я тут бачу проста пятага здраду не беларуса на пасадзе міністра МУС, то бок, часовага выканаўцу. Супраць сістэмы ён нават не рыпнецца. Сталін іх мяняў ці не ўдвая часцей, аднак вынік вядомы. У мяне няма ўражання, што нешта можа залежыць ад Караева. Можа, чалавек ён душэўны і любіць лато, аўто і шапіто, але ніякага значэння тое не мае.
Ярына Вярбіцкая