Юрась Зянковіч: Мы працуем на перспектыву



Нацыянальная эліта – ці не адно з самых балючых беларускіх пытанняў. Інтэлектуальныя, крэатыўныя і творчыя здольнасці тых, каго ў цяперашняй Беларусі прызначаюць “элітай грамадства”, мягка кажучы, выклікаюць шмат пытанняў. У той жа час багата нашых землякоў, якія з’ехалі з Беларусі, зрабілі паспяховую кар’еру ў самых розных краінах Старага і Новага Свету.

Беларускі праўнік Юрась Зянковіч з 2007 года жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі. За дзевяць гадоў жыцця ў ЗША ён стаў аўтарытэтным амерыканскім адвакатам, даволі ўдала інтэграваўся у тамтэйшае грамадства. Рашэнне Зянковіча браць удзел у парламенцкіх выбарах у Беларусі стала нечаканасцю для многіх людзей, якія яго добра ведалі.

Юрась Зянковіч

Чаму чалавек, які непагана пачуваецца ў ЗША, захацелася павяртацца ў Беларусь? Ці верыць ён, што тыя выбары будуць сумленнымі? Хто будзе яму дапамагаць?

Гэтыя і шмат якія іншыя пытанні Юрасю Зянковічу задаў наш карэспандэнт Марцін Война.

Юрась Зянковіч: З Беларусі я з’ехаў у 2007 годзе, каб працягнуць кар’еру ў Злучаных Штатах. У ЗША ў мяне цяпер два адвакацкія офісы. Адзін – у Нью-Йорку, у раёне Уол-Стрыт, другі – ў Дэнверы, штат Каларада, дзе я жыву. Да таго, як я з’ехаў у Амерыку, я з 2003 па 2007 год быў дэпутатам раёнага сельскага савета ў Ждановічах. Таксама быў дзеячом партыі БНФ, кіраваў Менскай абласной арганізацыяй.

РР: То бок, вы ўжо дастаткова інтаграваныя ў грамадства Злучаных Штатаў. Міжволі ўзнікае пытанне: а нашто вам гэтыя выбары патрэбныя?

Юрась Зянковіч: Між намі кажучы, гэты быў мой доўгатэрміновы план, які ўзнік яшчэ ў 2007 годзе. Аналіз таго, што тады адбывалася ў нашай краіне, наводзіў на думкі, што нейкіх зменаў у бліжэйшы час чакаць не варта. А гэта, у сваю чаргу, азначала, што не варта марнаваць час, яго лепш вытраціць на ўласнае развіццё, чаго я, на мой погляд, і дасягнуў. Дастаў амерыканскую адукацыю, атрымаў адвакацкую ліцэнзію. Цяпер я гатовы вярнуцца на Бацькаўшчыну, каб займацца беларускімі справамі. Тым больш, за апошнія гады я набыў вялікі досвед. Пабачыў свет, пабачыў таксама, як працуе адкрытая эканоміка, адкрытае грамадства, як працуе эфектыўная прававая дзяржава.

РР: Раскажыце пра сваю выбарчаю каманду.

Юрась Зянковіч: Мае дакументы пададзеныя ў 77-ю Заслаўскую выбарчую акругу маёй даверанай асобай Генадзем Таляронкам, якога я ведаю сямнаццаць гадоў. У склад маёй каманды ўваходзяць прафесіяналы, якія атрымалі і адукацыю, і прафесійны досвед у Злучаных Штатах. Магу назваць пакуль адно прозвішча: мой блізкі сябра, доктар Зміцр Шчыгельскі, які будзе адказваць за камунікацыі з грамадствам. Таксама ён гатовы падрыхтаваць праграму рэфармавання медычнай аховы ў Беларусі. Таксама вядзем перамовы па ўваходжанню ў каманду выкладчыкаў амерыканскіх ВНУ, беларусаў з паходжання і беларусаў па грамадзянстве, з фінансістамі, якія працуюць з буйнымі банкамі і крапарацыямі. Так што каманда можа атрымацца вельмі моцная. Шчыра кажучы, мы не арыентуемся менавіта на гэтыя выбары. Выбары ў “палату № 6” – гэта выбары ў “палату № 6”. Мы не маем ніякіх ілюзій, што ў выбарчым працэсе нешта змянілася. Мы працуем на будучыню, на 2020 год, калі пройдуць чарговыя выбары прэзыдэнта, і нашая задача – змаганне за ўладу ў Беларусі, а не выбарчы фарс пад назовам “выбары ў Палату прадстаўнікоў”…

РР: І вось вы з такой прыўкраснай камандай юрыстаў, фінансістаў, выкладчыкаў і інтэлектуалаў прыяжджаеце ў Беларусь. Уявіце, які падарунак атрымае афіцыйная прапаганда: “Містэр Зянковіч атрымаў заданне ад Пентагона і ЦРУ:  знішчыць нашу Сінявокую і разбурыць  крышталёвы сасуд”… Правакацый не баіцеся?

Юрась Зянковіч: Да падобных перспектыў стаўлюся спакойна. Як кажуць у Амерыцы – “гэта частка пірага”. Гэта безумоўная частка таго, чым хачу займацца. Калі б я штохвіліну думаў – “а што пра мяне скажа БТ?”, я б ніколі не браўся за тое, за што ўзяўся.

РР: Вы гаворыце пра 2020 год. Але ж падзеі апошніх гадоў сведчаць, што беларусам цяпер глыбока напляваць і на парламенцкія выбары, і на мясцовыя, і нават на выбары прэзыдэнта. І гэта відавочна тэндэнцыя. Людзі не вераць ані палітыкам, ані партыям, ані выбаркаму. Ці можна тут нешта змяніць?

Юрась Зянковіч: Выбарам не вераць толькі з адной прычыны: выбараў насамрэч няма. Калі ўлада вырашыць праводзіць наступныя выбары прэзыдэнта так, як мінулыя, ці так, як парламенцкія ці мясцовыя, то ў народа не застанецца іншага выйсця, як згадаць пры тыя сродкі, якія эфектыўна ўжываююца супраць манапалізацыі ўлады ў ЗША. Калі ўлада не хоча прыслухоўвацца да народа і не хоча змяняцца, то народ мае законнае права такую ўладу змяніць сам.

Застаецца спадзявацца, што Юрась Зянковіч стане не адзіным паспяховым беларусам, які верніцца на Бацькаўшчыну, каб браць удзел у грамадскім і палітычным жыцці.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя