Юрася Беленькага пакаралі штрафам
Трыццаць базавых велічыняў або чатыры з паловай мільёна рублёў такое пакаранне вынесена намесніку старшыні Кансерватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрасю Беленькаму ў судзе Ленінскага раёна. Яго абвінавацілі ў тым, што як арганізатар не гарантаваў умоваў бяспекі шэсця ў Лошыцкі Яр 9 лістапада 2014 году.
– 30 базавых – 4,5 мільёна. Суддзя сказала, што ў сувязі з тым, што прысудзілі тады 20 базавых. Хаця тое не ўступіла ў законную сілу. Заяўнікам была юрыдычная асоба – партыя, і па законе я не мог быць арганізатарам, бо заўлена было 5 тысяч чалавек, а калі больш тысячы чалавек, то толькі палітычная партыя ці прафсаюз можа быць арганізатарам. Я не мог па фармальным прызнаку быць арганізатарам.
Гэта ўжо другое пакаранне Юрася Беленькага. Раней ён быў пакараны штрафам у памеры 20 базавых па тым жа артыкуле. Юрась Беленькі не выключае, што чарговы суд будзе за шэсце ў Курапаты, паколькі і тады на яго быў складзены пратакол.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Чарговы судовы працэс чакае сёння намесніка старшыні Кансверватыўны-хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага. Калі 17-га лістапада суддзя суда Першамайскага раёна Менска Настасся Папко аштрафавала Беленькага на тры мільёны рублёў за акцыю Дзяды, то цяпер яму пагражае чарговы суд за шэсце ў Лошыцкі яр – да месца расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору.
На думку Юрася Беленькага, дзейнасць патрыётаў Беларусі не падабаецца ўсходняму суседу:
– Цягам 10-15 гадоў мы ладзім гэтыя мерапрыемствы ў адным і тым жа фармаце. Ніколі заўваг не было. Больш за тое, працаўнікі міліцыі і выканкама зазначалі, што партыя мае сваю дружынку, якая вельмі добра выконвае свае функцыянальныя абавязкі. Усё праходзіць вельмі арганізавана. А ў гэтым годзе чым выклікана такое? Я запытаўся ў некаторых службовых асобаў, і пасыпаліся намёкі, што рашэнне прымалася зусім у іншым месцы, магчыма, нават не на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Магчыма, што Расея, якая кіруе гэтым рэжымам, дала такую ўстаноўку.
Судовы працэс над Юрасём Беленькім пройдзе ў судзе Ленінскага раёна Менска і пачнецца ў 11.30. Беленькага вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, а фактычна за неаплату паслугаў міліцыі па ахове грамадскага парадку ў час акцыі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя