Юрася Губарэвіча судзяць за чытанне вершаў



У судзе Цэнтральнага раёна Менску адбыўся суд над старшынёй Руху “За свабоду” Юрасём Губарэвічам. Прычым, за арганізацыю адразу двух, паводле матэрыялаў адміністрацыйнай справы, “несанкцыянаваных мерапрыемстваў” – пікета 7 лістапада ля будынка КДБ ды чытання вершаў 9 снежня ля помніка да 125-годдззя Максіма Багдановіча.

Кажа Юрась Губарэвіч:

– З суддзёй Шабуняй не першы раз сутыкаліся. І канешне, такія смехатворныя сведчанні, калі супрацоўнікі АМАП не памятаюць, ці яны былі ў форме, ці без формы. А ў чым быў склад правапарушэння? Бо яны сведчаць, што проста была група людзей, якая чытала вершы, ускладала кветкі, але не могуць сказаць, які артыкул адміністрацыйнага кодэкса гэтым быў парушаны. Таму зноў адбываецца пэўная імітацыя нібыта справядлівага разгляду, усебаковага разгляду, аднак рашэнне даўно і загадзя прапісанае. 

img_1541

img_1542

Тое, што адбылося ў судзе, спадар Юры назваў “смехатворным фарсам”. Да прыкладу, амапавец Рутчанка “засведчыў”, што падсудны чытаў вершы “супраць нейкага Багдановіча”. Амапавец Рутчанка жа назваў Губарэвіча “Лук’янавым”. Суддзя Шабуня “дзеля вывучэння дадатковых абставін і дакументаў да справы” перанесла абвяшчэнне прысуду на заўтра а 14-й гадзіне.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

фота аўтара

* * *

Старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча будуць судзіць за арганізацыю адразу двух несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Паседжанне пройдзе сёння, 27 снежня, у Цэнтральным судзе Менску.

Плануецца, што суддзя прыме рашэнне адразу па дзвух справах супраць Губарэвіча: па акцыі ля КДБ (Дзень смутку ў памяць ахвяраў Савецкай улады) 7 лістапада і чытаннях вершаў у гонар 125-годдзя паэта Максіма Багдановіча 9 снежня. За чытанні вершаў пратаколы былі складзеныя як мінімум на чатырох сябраў Руху.

viers-2012-3

Фота: pyx.by