Юры Дзяшук: Гэта – перашкода прафесіі
Незалежны журналіст з Бярозаўкі Юры Дзяшук за апошні месяц адчуў на сабе ціск сілавікоў.
Гэта пачалося пасля працы журналістам на абвяшчэнні прысуду ў Лідскім судзе 18 студзеня:
– Я выконваў свае прафесійныя абавязкі. Гэта ўсё відаць, гэта бачылі тыя самыя міліцыянты, якія мяне затрымлівалі. Нават слухаць не хацелі, адзінае, што яны казалі: „Мы разбяромся. У нас ёсць відэа”. Кажу: „Добра, давайце разбірайцеся”. Мяне забралі, пратрымалі трое сутак у ІЧУ ў Лідзе. Умовы там мякка кажучы не самыя лепшыя. Выпусцілі адтуль у статусе падазраванага па крымінальнай справе па 339 артыкуле частка 2 (злоснае хуліганства).
На журналіста таксама завялі яшчэ некалькі крымінальных і адміністрацыйных спраў:
– Літаральна праз два тыдні, пасля таго, як мяне затрымалі першы раз, мяне затрымалі другі раз і ўжо пасадзілі на двое сутак у ІЧУ ў суседнюю камеру. Адтуль мяне адвялі ў суд і ў судзе ўжо разглядалі адміністрацыйную справу па 23.34 частка 3. Гэта ўжо як бы пікетаванне ў будынку суда. Суддзя разгледзеўшы гэтую справу, заслухаўшы мае паказанні, прыйшоў да таго, што мяне немагчыма пакараць па двух справах, крымінальнай і адміністрацыйнай.
Юры Дзяшук таксама праходзіць сведкам па крымінальнай справе пра перашкоду руху на чыгуначных рэйках у Лідзе, аднак па гэтай справе журналіст вымушаны быў падпісаць падпіску пра неразгалошванне справы.
Беларускае Радыё Рацыя