Юры Гардзееў – даследчык Магдэбургскай Гародні
Юры Гардзееў – вядомы навуковец, гарадзенец, які жыве і працуе прафесарам Ягелонскага ўніверсітэта ў Польшчы. Ён аўтар шэрагу працаў па гісторыі самаўраду Гародні, а таксама галоўны рэдактар гістарычнага зборніка «Гарадзенскі гадавік». Цяпер ён, сумесна з групай аднадумцаў, вывучае і збірае матэрыял для публікацыі кодэкса прывілеяў Гародні ад з’яўлення Магдэбургскага права да яго скасавання.
Паводле Юрыя Гардзеева, гісторыяй Гародні ён зацікавіўся яшчэ школьнікам. Яго цікавіла і гісторыя горада, і вельмі вабіў музей. Потым паступіў на гістарычны факультэт і тады вырашыў, што захацеў бы займацца гісторыяй Гародні і гарадской праблематыкай:
– Ёсць розныя белыя плямы, якія не даследаваныя. Увогуле калісьці гісторыя горада для мяне была адной вялікай плямай. Памятаю, калі яшчэ быў школьнікам, убачыў кнігу Вароніна «Старажытная Гародня» і падумаў: ну вось, хтосьці ўжо напісаў, няма пра што пісаць. Але, канешне, калі ўжо пачаў вучыцца, то зразумеў, што такое «метадалогія даследаванняў». Пачаў працаваць у архівах, зразумеў, дзе знаходзяцца там тыя ці іншыя матэрыялы па гісторыі ХІХ стагоддзя, дзе знаходзяцца магдэбургскія кнігі ці прывілей. І я зразумеў, што тут даволі шмат працы, а пачынаць трэба з нуля.
Цалкам гутарку з госцем Рацыі Юрыем Гардзеевым слухайце ў далучаным файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя