Юры Хашчавацкі: На афіцыйных каналах – тэлерэзервацыя!



Такога не было ў самыя застойныя савецкія часы! Генадзь Давыдзька, кіраўнік НДТРК (1 канал) – вядзе “Клуб рэдактараў”, яго намеснік Марат Маркаў – праграму “Крупным планом”, Рыгор Кісель на ОНТ вядзе  “начальніцкі” эфір” “Давайте разберёмся”, ну і даўно мае сваю аўтарскую праграму кіраўнік СТВ Юры Казіятка. Начальнікі ж і падпісваюцца ў цітрах не як журналісты, а “кіраўнік НДТРК, ОНТ”. Мо думаюць, што папулярнасць у гледачоў гэта набывае? Я тут нагадаю нядаўнюю праграму Рыгора Кіселя з міністрам сельскай гаспадаркі, дзе ён сабе паводзіў нават не як міністр з міністрам, а як давераная асоба “цела” – самога прэзідэнта. Дзе прымусіў міністра не інтэрв’ю даваць, а строгую справаздачу пра сваю працу.  Як вы можаце ацаніць, наколькі гэта этычна і цікава?

У менскім бюро Беларускага Радыё Рацыя на гэты конт пагутарылі народная артыстка Беларусі, знакамітая тэледыктарка, сябра АГП Зінаіда Бандарэнка, яе аднапартыец, кінарэжысёр, аўтар дакументальнага кіно “Звычайны прэзідэнт” Юрый Хашчавацкі  і экс-рэжысёр забароненых уладамі тэлепраграм “Крок” і “Крок-2” Уладзімір Міхарскі.

^56925A245F9149EBF96E5E132D5AA98C314CF8B07D82AEAD4A^pimgpsh_fullsize_distr
Уладзімір Міхарскі, Зінаіда Бандарэнка і Юрый Хашчавацкі

Зінаіда Бандарэнка: Калі прыгадаць часы, калі мы працавалі на БТ пры Васілю Пятровічу Несцяровічу ці Бураўкіну, дык той жа Генадзь Мікалаевіч, што ў сваім паэтычным быцці часцяком з’яўляўся ў эфіры і вёў перадачы –  як толькі стаў старшынём  Дзяржтэлерадыё, тут жа знік з “кадра”. Лічыў гэта неэтычным, бо сам даваў ацэнкі іншым, дый усе бачылі ў ім ужо не літаратара, а кіраўніка – іншы статус!

Юрый Хашчавацкі: Мне падаецца, каб кіраўнік быў і як журналіст, скажам, узроўню Уладзіміра Познера ці Юры Быкава, мо гэта і было б магчымым. Але мы бачым не пацалаваных “богам” людзей. Што фактычна займаюцца прапагандай і працуюць на “адзінага” гледача – так што не здзіўляйцеся, чаму пхнуцца ў кадр. З іншага боку, іх функцыя – апусканне ўсіх астатніх – гледачоў, масоўкі, суразмоўцаў – да ўзроўню быдла ды статка.

Зінаіда Бандарэнка; У іх не хапае самаацэнкі, самакрытычнасці – паглядзіце на сябе вонкава! Гэта ж не тэлевізійныя праекты, а хутчэй тэлеселектарныя нарады – галоўнае, выглядаць лепей перад самым высокім гледачом! Каб ён убачыў, “як мы служым, каб не адпіхнулі ад карыта”!

РР: Дарэчы, вось што сказаў мне напярэдадні старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які адзіны ў часе збору подпісаў зладзіў адмысловы пікет супраць несвабоды на дзяржтэлеканалах:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька: У сённяшняй беларускай сітуацыі “дзяржаўны” журналіст – гэта чыноўнік. Ён не зарабляе за кошт свайго таленту альбо раскручанага рэсурсу, а сядзіць на шыі ў падаткаплацельшчыка. Адсюль выцякае ўся іх дзейнасць і паводзіны. Калі ты чыноўнік, мусіш рэалізоўваць дзяржстратэгію, хадзіць на даклады ці прымаць кагосьці. Натуральна, гэта не журналістыка, а прапаганда, а кіраўнікі ТБ – сегмент адміністрацыі прэзідэнта. Яны загадчыкі ці намеснікі аддзела…

Юрый Хашчавацкі: Увогуле, даўно заўважыў, што многія дзяржаўныя структуры ператварыліся ў сілавыя! Суды, школы, дворнікі! Прыехалі ў нейкі райцэнтр, дзе стаіць помнічак Дзяржынскаму. Здымаем “перабіўку” – выскаквае вартаўнік з крыкам “якое права меце?!” З аднаго боку, яны выказваюць сваю адданасць “галоўнаму”, з другога боку, рэалізуюць свае “уладныя” комплексы – у нашым выпадку, распякаюць міністраў, якіх ім “дазволілі”. Яны непрафесіяналы хаця б таму, што, працуючы ў цяплічных умовах, лічаць свой узровень культуры вышэйшым, чым у гледача. Дый нават той, што ў самых ёсць, апускаюць ніжэй ватэрлініі. 

Зінаіда Бандарэнка: І яшчэ. Нашым тэлечыноўнікам ні ў якім разе не трэба выходзіць у якасці вядоўцаў хаця б таму, што сам Рыгоравіч – жывы і недасягальны для іх эталон! Верым яму ці не – ён выкруціцца з любой сітуацыі! Яны на яго тле выглядаюць бездапаможнымі статыстамі, што хаваюць шэрасць і нягнуткасць за ідэалагемамі.

Уладзімір Міхарскі: Дый паглядзіце – у “Клубе рэдактараў” яны паўтараюцца пра “шматвектарнасць”, але дзе на стале “Народная воля”, “Наша ніва”, “Свободные новости” ці хаця б “Барысаўскія”?! Чаму ніколі не бывала апазіцыйных калег па пасадзе –  тых жа Сярэдзіча, Калінкінай, Класкоўскага? Значыць – баяцца! Пры тым, што пра апошнюю сустрэчу Лукашэнкі з незалежнымі журналістамі можна казаць – адкрыта слаба з боку апошніх!

РР: Дарэчы, і Павал Шарамет пасля той сустрэчы напісаў, што сам пакутліва думаў – маўляў, як загаварыць, калі запросяць да Лукашэнкі, каб той відавочна апынуўся “господином соврамши””?! Ці магчымая з ім, у прынцыпе, сумленная размова?

Юрый Хашчавацкі

Юрый Хашчавацкі

Юрый Хашчавацкі: Тут у мяне папрок да незалежных журналістаў таксама, бо часцяком дасканала не разбіраюцца “у пытанні”, з-за чаго іх лёгка “глушануць” – падмануць альбо паставіць у няёмкую сітуацыю. Па-першае, трэба дакладна ведаць прыклады, дзе Лукашэнка хлусіў – скажам, казаў пра сімпатыі да Гітлера, не казаў і г.д. І – задаваць толькі КАНКРЭТНЫЯ пытанні! Па-другое – навучыць свой “хрыбет” не прагібацца. Таму што пры “целе” гэта інстынктыўна спрацоўвае – ў нас, відаць, пакаленнямі закладзена “унутрыіерархічная канстытуцыя”. Таму трэба, паўтаруся, задаваць вельмі дакладныя пытанні і, калі што, спакойна казаць – “Аляксандр Рыгоравіч, тут вы кажаце няпраўду”. Дарэчы, я ў свае часы назваў яго “геніям маны”., бо роўных яму няма ў свеце! Прыгадайце хаця б, як удаве Людміле Карпенка туфлі “даставаў”, як “дапамагаў” Генадзя Дзмітрыевіча “хаваць”!

РР: Дарэчы, з усім гэты звязаныя пытанні культуры паводзін, мовы. Як гавораць з гледачамі дзяржаўныя беларускія каналы, пра якія кажуць, што там “ані Б, ані Т” – ані беларускасці, ані тэлебачання?

Юрый Хашчавацкі: Я люблю паглядзець біятлон – тут у нас з Аляксандрам Рыгоравічам агульныя густы. Перад спаборніцтвамі неяк ішла віктарына-конкурс на эратычныя тэмы. Побач з вяртлявым вядучым стаяла маладая дзяўчына, што прызнавалася аўдыторыі ў “сімуляцыі аргазму”. Студыя галасуе “верыць ці не верыць” і, калі высвятляецца, што той удалося ўсіх падмануць, і яна атрымае млн БЛР, вядоўца міргае і ”па-прыяцельску” кажа – “баблом падзелішся?!”  Уявіце, якога гледача яны маюць сабе на розуме, калі робяць такую праграму з ТАКОЙ мовай?!

Уладзімір Міхарскі: Між іншым, новы спартовы канал акурат прыемнае выключэнне – у яго добрая афарбоўка, джынглы, паўзы запаўняюць цікава. Але вось ЯК гавораць спартовыя каментатары – я завёў цэлы кандуіт з іх выразаў. Толькі некаторыя – “на тоненькага сыграў Ларсан”, “каждая  голова  превосходит труды Ленина” , “ничейный мяч нашёл, как клубнику под кустом”. (усё перапыняецца агульным смехам –В,С.) Канешне, гэта кажа і пра чалавечую культуру…

Зінаіда Бандарэнка: З тэледыктарамі ў маю бытнасць займаўся вядомы наш філолаг Пётра Вінцэнтавіч  Садоўскі. Калі прыходзіш у дыктарскую, вісіць абвестка – “Бандарэнка, Рудакова, Шаліхін – казалі так, а трэба гэдак!” Без добрай мовы дыктары не мелі правы быць у эфіры! У Кубані кіраўнік вядомага тамтэйшага казацкага хора Захарчнка, калі паслухаў мяне са сцэны, падышоў і сказаў – “вы мусіце заўжды гаварыць па-беларуску! Бо, калі па-расейску, шмат страчваеце.”  Усё так – унутрана для нас гэта чужародная мова. Тым больш, калі гучыць беларуская – гэта і ёсць тая самая непаўторнасць, самабытнасць канала!

A3FA6D32-3723-4323-BD69-D486A4DFBE3D_w974_n_s

Зінаіда Бандарэнка

РР: Вы, паводле ўзросту, добра памятаеце “Литературную газету» савецкіх часоў і знакамітую рубрыку “Калі б дырэктарам быў я…”. Перафразаваўшы, прашу ўсіх выказацца на тэму – “калі б кіраўніком адной з тэлерадыёкампаній быў я…”?

Юрый Хашчавацкі: Найперш – цалкам пазбавіцца ад дзяржаўнай прыналежнасці! Гэта рэчы несумяшчальныя. У ЗША, да прыкладу, дзяржава не мае права распараджацца ніводным тэлевізійным каналам. Далей. Усе каналы мусяць быць акцыянаваныя абсалютна рознымі людзьмі, каб пазбегнуць нават прывіду манаполіі на ісціну. Патрэбныя незалежныя студыі, што робяць праграмы пад заказ, працуючы над той ці іншай тэматыкай. Бо толькі калі журналіст з галавой пагружаецца ў матэрыял, ён становіцца цікавым. І – катэгарычна выключыць з ужытку дваровую лексіку альбо праславуты “блатняк”! Канал мусіць быць вышэй тых, “каторыя гаварат такім языкам”! Тое, што хтосьці можа віртуозна лаяцца, зусім не значыць, што Набокаў і Караткевіч не вышэй! І наконт мовы – патрэбы і расейскамоўны канал , каб не перагнулі палку, як гэтым скарысталіся ў Данбасе. І эфіры змешанага,  чыста беларускамоўнага вяшчання. У нас тут велізарны плюс – у асяродку новай сталічнай моладзі гаварыць “на мове” стала прэстыжным!

Зінаіда Бандарэнка: У працяг – канешне, усе каналы павінны быць незалежнымі. І на ТБ мусяць прайсці свае рэформы. Праекты абавязкова прымацца на конкурснай падставе. Ніякіх прызначэнняў “па блату” ці знаёмству!

Уладзімір Міхарскі

Уладзімір Міхарскі

Уладзімір Міхарскі: Для ўсяго гэтага патрэбная ў эфіры  Свабода Думкі і Веры, паводле Вернадскага . Як выступоўцаў, так і журналістаў. Мабыць, захаваць і адзін канал дзяржаўным, каб “дурь каждого была видна”.

Юрый Хашчавацкі: Дарагія мае, гадзіну трэба давіць у зародку ! Грошы з нашых падаткаў, калі пойдуць у дзяржаву, якая, па завядзёнцы пачне ціснуць –  напорамся на тыя ж грабелькі, калі толькі адзін Лукашэнка ў кадры!  Не можа такога быць паўторанае. Не больш за дзве гадзіны інфармвяшчання пра прынятыя ўказы і заканадаўчыя акты. І ніякай прапаганды!

Зінаіда Бандарэнка: Свабода – і будуць і Беларускасць, і Тэлебачанне!

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск