Юры Хашчавацкі: „Рамантычны сталініст” Машэраў жывей за „звычайнага прэзідэнта”!



Днямі споўнілася 100 год з дня народзінаў, напэўна, самага вядомага і папулярнага ў многіх дагэтуль кіраўніка Беларусі савецкіх часоў Пятра Міронавіча Машэрава. 15 год, што ён кіраваў БССР, якія лічацца найбольш паспяховымі і эфектыўнымі гадамі не толькі ў эканоміцы – дайце веры, асабліва на фоне брэжнеўскага застою ў Крамлі. Алесь Адамовіч называў яго “рамантычным сталіністам”. Мы ж будзем сёння  цытаваць яго вылучэнца, якога, на жаль, таксама з намі ўжо няма – Генадзя Міклаевіча Бураўкіна.

Наш жа госць – вядомы кінарэжысёр, аўтар стужкі “Звычайны прэзідент” і, натуральна, сведка эпохі Пятра Машэрава Юрый Хашчавацкі:

РР: Напярэдадні пабываў на “закрытым” пасяджэнні сучаснай КПБ да 100-годдзя Машэрава. На сцэне тлусты бронзавы Ільіч, характэрныя твары былых партыйна-савецкіх бонзаў, якіх не “псуе” час. Мяне, паколькі “не ўпісаўся” абліччам і адзеннем, папрасілі выйсці, бо “без запрашэння”. Але баюся Пётр Міронавіч перавярнуўся б у труне пасля такога “ўшанавання”. Бо памятныя яго адкрыты позірк, зычлівасць ды прыязнасць да людзей…

Юрый Хашчавацкі: Адразу зазначу, што не прыхільнік савецкіх часоў – увогуле, шчаслівы, што яны скончыліся. Але постаць Машэрава ў гэтым сэнсе вельмі цікавая, бо паказвае ўнутраны канфлікт паміж савецкай наменклатурай ды “бацькамі” марксізма-ленінізма. У апошніх была ідэалогія, хоць, як і нацызм ды полпотаўскі “камунізм”, заканчваліся дзясяткамі мільёнаў бязвінных ахвяраў. Але пры гэтым былі асобна адрозныя фігуры, якіх разглядаю станоўча – як Пятра Міронавіча, у прыватнасці. Чаму? Пры Савецкай уладзе адукаванасць лічылася плюсам, хоць нам давалі добрую аднабаковую, скрыўленую, у асноўным, тэхнічную – але адукацыю. Людзі жадалі, каб іх дзеці вучыліся. І ў самой сістэме былі так званыя “кар’ерныя ліфты”. Параўнай з сённяшнім атачэннем Лукашэнкі тых, хто былі пры Машэраве – таго ж адукаванейшага, разумнейшага сакратара па ідэалогіі Кузьміна, з якім у цесным кантакце заўжды быў яшчэ адзін вылучэнец першага сакратара –  бліскучы паэт і дзяржаўны дзеяч, старшыня Дзяржтэлерадыё, палкі прыхільнік беларускасці і мовы Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Так, была і цэнзура, але было зразумела як і пра што з імі гаварыць. Дый калі гаворыш з сакратаром, які, бачна, шмат чытаў, пра многае ведае – было не так гідка, як зараз. Калі замест размовы і спрэчкі любы адказ – дубінка!

РР: Дык чаму праз дзясяцігоддзі Пётр Міронавіч не дае спакою сённяшняму “правадыру” – аж да таго, што перайменаваў праспект Машэрава ў Пераможцаў – маючы, відаць, апошнім сабе?

Юрый Хашчавацкі: Лічу, галоўная небяспека – рэўнасць напалову пісьменнага чалавека да інтэлігента. Таму што ў тым падыходзе, што дазволіў сфармаваць адукаванае грамадства і была заключаная смерць Здыхліка – грамадства не магло цярпець тупой, непісьменнай камуністычнай дактрыны. Таму разам з СССР і яна рухнула. Мо таму сучасны пераемнік сваім звярыным чуццём адчувае – адукаванасць гэта небяспека! Паглядзіце што робіцца ў сферы адукацыі і з заробкамі настаўнікаў!  І хто выплывае наверх – прыгадай апошнія кадравыя змены на БТ. Хіба параўнаць Давыдзьку, што зышоў у небыццё, з бліскучым інтэлектуалам Бураўкіным?! А чалавек з пагонамі, што стаў рэдактарам прэзідэнцкай “СБ Беларусь Сегодня”? Інакш, панаванне сілы – не розуму! Ну і рэўнасць – бо культ Машэрава застаецца ў старэйшым пакаленні і зараз. А нават у чэргах сёння ўжо былы “жалезны” электарат Рыгоравіча адкрыта скажа ўсё, што пра яго думае. Канешне, апошняму хочацца стаць вялікім, але ўсё “вялікае”, што ім робіцца, становіцца глупствам, калі не сказаць злачынным. Узяць былую „Ленінку”, калі бібліятэка стала ў выглядзе вялікага кароўніка. Альбо праспекты, знявечаныя бетоннымі безгустоўнымі глыбамі? Ці ўзяць Машэраўскі культ сціпласці? Бо ў яго не было і не магло быць такой колькасці аховы і “царскіх” лецішчаў! І індустрыялізацыя, што была пры ім, і на чым Беларусь трымаецца дагэтуль..

РР: Дарэчы, Лукашэнка пры заступленні на пасаду падкрэсліваў добрыя стартавыя ўмовы краіны, але без называння таго, ад якога, у тым ліку, яны залежалі…

Юрый Хашчавацкі: Канешне, найперш ад людзей, што ўмеюць і любяць таленавіта працаваць. Але каторым Машэраў даваў шлях рэалізаваць сябе.

РР: Цытата Бураўкіна з успамінаў пра Машэрава. Вось з адной з размоў з апошнім (мова захоўваецца) “Может, ты обижаешься, что с трибуны не поддерживаю тебя в твоих делах по белорусизации ТБ? А ты пойми – не могу открыто поддержать! Поддержу – меня Москва уберёт! А ты – “рабі”! Гэта фатум – тое, што любы дыктатар “страшна далёкі ад народа”, а кіраўник-дэмакрат часам павязаны ёй па руках-нагах?

Юрый Хашчавацкі: Пра што і гаворым – быць у сістэме і быць вольным ад яе немагчыма! Машэраў, відаць, добра гэта разумеў і дзейнічаў у яе рамках. Ці не адсюль міт пра тое, што тагачасная Беларусь няблага задавальняла патрэбы ў прадуктах харчавання ды іншых? Катастрофа ў тым, што ў 94-м краіна ўзяла курс на тое, каб фарбаваць гэты металалом замест таго, каб перайсці на новыя рэйкі. Выпускаць тое, што нікому ў свеце не трэба. Калі і “сацыяльная арыентацыя” звялася да будаўніцтва чарговых рэзідэнцый у Драздах і пакупкі даражэзных летакоў, якія не патрэбныя, бо ніхто ў свеце іх уладальніка не запрашае. Дарэчы, у Машэрава лецішчы былі. Але памятаю, як у 90-х мы з Антончыкам і Навумчыкам прабіліся да цэкашных, як думалі, палацаў – пасля я сказаў, што паказваць няма чаго, бо яны не надта адрозніваюцца ад таго, што было ў звычайных савецкіх людзей.

РР: Яшчэ цытата Бураўкіна з размовы з Машэравым – “Глядзеў вечарыну з Быкавым – божа мой, як гэта тонка, як глыбока!” Можаце ўявіць такое сёння?

Юрый Хашчавацкі: Ну Лукашэнка, як вядома, “на вершах Быкава быў выхаваны” (смех). Увогуле, такое немагчыма, бо чалавек нікога не можа паставіць вышэй за сабе. Не ўмее захапляцца чужым талентам, геніем, поспехам. Кашмар сённяшніх дзён для ўлады – мы нікога, апроч аднаго, не бачым, не ведаем – астатнія не маюць права і  магчымасці мець уласныя твары! Таму што тычыцца становішча ў грамадстве – стала гідка! Бо кіруюць малакультурныя, зладзееватыя, хамаватыя людзі. У гэтым сэнсе асоба Машэрава – прысуд для сённяшняй улады…

Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск