Юры Лакціёнаў: Хачу стварыць прэцэдэнт у змаганні з сістэмай
Музыка з Гародні Юры Лакціёнаў, які мае ІІІ групу інваліднасці, у сваім змаганні за вяртанне правоў кіроўцы прайшоў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь і складае зварот ў камітэт ААН па правах чалавека. Справа цягнецца амаль год і музыка прайшоў суды ўсіх роўняў.
Юры Лакціёнаў упэўнены, што ў беларускіх судах не звяртаюць увагу на тое, што ён мае групу інваліднасці:
– Калі ў абласны суд падаваў, я ўжо раскапаў гэты атыкул 6.8 ч. 3. У адпаведнасці з Кодэксам адміністрацыйных правапарушэнняў інвалідаў не пазбаўляюць правоў у прынцыпе, акрамя правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення. А яны мне адказвалі пра 15 адміністрацыйных парушэнняў, што язда ў грамадскім транспарце не перашкаджае мне жыць. Гэта звычайныя адпіскі. Па сутнасці мне ніхто не адказаў.
На думку музыкі, за час працэсаў стан яго здароўя моцна пагоршыўся, але суды на гэта не звяртаюць увагу:
– Я мяркую, што ні начальнік ДАІ, які прымаў рашэнне, ні суддзі ўсіх гэтых судоў не з’яўляюцца медыкамі. І ніякіх камісій не стваралася, каб вызначыць, магу я перасоўвацца, ці не. Калі я падаваў у суды, я прапаноўваў даведку пра тое, што з развіццём майго дыябету, на які я хварэю ўжо 20 гадоў, у мяне ўзніклі звязаныя з ім ускладненні. І адным з іх з’яўляецца астэахандроз. І пры працяглай хацьбе ўзнікае боль.
Цяпер музыка разам з Офісам па правах людзей з інваліднасцю піша скаргу ў камітэт ААН і спадзяецца, што створыць прэцэдэнт, якім пакажа, што ў нашай правапрымяняльнай практыцы слаба прапісана роля аўтамабіля як тэхнічнага сродка рэабілітацыі для катэгорыі людзей з інваліднасцю.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня