Юры Лакціёнаў: Прасіў разабрацца, хто падрабіў пратакол – прыслалі адпіску



Гарадзенскі актывіст і музыка Юры Лакціёнаў звяртаўся ва ўпраўленне Следчага камітэта наконт таго, што ў судзе яго судзілі па артыкуле, што не фігураваў у пратаколе, які на яго ў снежні 2020 году складалі міліцыянты.

Хлопца судзілі ў пачатку лютага 2021 году па артыкуле 22.9 за тое, што ён нібыта перавозіў і распаўсюджваў выданне “Гродненское Время”.

Кажа Юры Лакціёнаў:

– Я напісаў 17 лютага, што пры разглядзе маёй адміністрацыйнай справы ў пратакол былі ўнесены дапаўненні. Пратакол не перарабляўся, а проста нехта ручкай дапісаў артыкул. Я гэта заўважыў, таму што суддзя Кастрычніцкага суда вынес мне пастанову з улікам артыкула 17 “Закона аб СМІ”, якога не было ў першапачатковым пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Па словах актывіста, з’яўленне новага артыкула – гэта дзіўная памылка міліцыі.

– У арыгінальную копію пратакола ручкай дапісаны артыкул 17. У маёй копіі нічога не дапісана. На вайбер мне ўчастковая дасылала фотаздымак пратакола, тады яшчэ не было дапісана. Я маю гэтыя перапіскі, я ўсё заскрыніў. Я напісаў заяву, што прашу разабрацца, бо мне не вядома, хто ўнёс гэтыя змены, калі ўнёс, прашу разабрацца па гэтым факце. Я напісаў заяву і папрасіў Следчы камітэт разабрацца. Наколькі мне вядома, што гэта нешта з вобласці крымінальнага права.

Для Юрыя Лакціёнава было здзіўленнем тое, што ўпраўленне Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці даслала яму так званую адпіску з подпісам кіраўніка пад такім самым прозвішчам, як і прозвішча суддзі Кастрычніцкага суду Гародні, які прысудзіў яму штраф у памеры 22 базавых велічыняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча