Юры Лакціёнаў: Спрабую дабіцца справядлівасці
Гарадзенец Юры Лакціёнаў ужо паўгады спрабуе дабіцца справядлівасці праз ліставанне са Следчым камітэтам і пракуратурай. Яго яшчэ ў снежні затрымалі з незарэгістраваным выданнем „Гродненское Время”. З таго часу ў хлопца пачаліся праблемы.
Распавядае Юры Лакціёнаў:
– Затрымалі таму, што ў мяне ў багажніку была газета „Гродненское Время”. Я яе не распаўсюджваў, нічога з ёй не рабіў, яна проста ў багажніку была. Усё справа і цягнецца. Я спрабую з імі судзіцца, яны павінны даказаць, што я штосьці там распаўсюджваў і г.д. У іх няма ніводнага доказу па справе, але проста пад капірку гэта ўсё пішацца, што вінаваты.
Юрыя асудзілі па адміністрацыйнай справе, якую ён лічыць сфабрыкаванай. Пасля гэтага ён напісаў больш дзясятка лістоў у розныя следчыя органы:
– Атрымаў на днях адказ з нагляднага органа абласнога суда, усё там як пад капірку, нічога яны нам не выявілі, таму будзем цяпер пісаць скаргу ў Вярхоўны суд. Я напісаў заяву ў Следчы камітэт пра тое, што ў адміністратыўны пратакол асадкай унесены дапаўненні. Дапоўнілі артыкул 17, па якой мяне і асудзілі. Я папрасіў Следчы камітэт разабрацца, хто гэта зрабіў. Следчы камітэт мне адказвае сваімі, я б гэта назваў адпіскамі.
Пад час затрымання ў хлопца быў канфіскаваны аўтамабіль, які хлопец вярнуў з пашкоджанымі коламі толькі нядаўна пасля касацыйнага абласнога суду.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча