Юры Лакціёнаў: Спрабую высветліць, хто падрабіў пратаколы
Гарадзенскі музыка і актывіст Юры Лакціёнаў лічыць, што пратаколы, па якіх яго прызналі вінаватым у перавозе газетаў “Гродзенсое время”, – падробленыя.
Хто падрабіў гэтыя пратаколы актывіст спрабуе высветліць праз міліцыю і пракуратуру, куды падаў заявы.
– Заява датычыць таго, што мяне асудзілі, як я мяркую, па падробленаму адміністрацыйнаму пратаколу. Таму што мне на рукі выдалі маю копію, там былі адны артыкулы, якія я нібыта парушыў. Дасылалі мне на вайбер пратакол, там было тое ж самае – артыкул 10.11 закона аб СМІ. А затым аказалася, што мяне асудзілі па артыкулах 10.11 і 17.
Юры Лакціёнаў пабачыў пісьмовыя выпраўленні, калі вывучаў справу дадаткова.
– Я яшчэ раз пераглядзеў матэрыялы справы і пабачыў, што ад рукі ў друкаваным пратаколе напісана лічба 17 асадкай. Гэта, на колькі мне вядома, з’яўляецца крымінальным злачынствам – падробка працэсуальнага дакумента. Я не ведаю, хто гэта зрабіў, я напісаў заяву, што прашу разабрацца, калі і кім і з якой мэта гэта ўсё было зроблена.
Хлопца ў лютым 2021 года аштрафавалі на 22 базавыя велічыні, пазней ён спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне ў абласным судзе, аднак скарга не была задаволена. Цяпер Юры Лакціёнаў спрабуе аспрэчыць судовае рашэнне ў вышэйшых інстанцыях.
Беларускае Радыё Рацыя