Юры Мяккі, дзівак і змагар са Славеняў



Ну дзе вы яшчэ знойдзеце гэткага 30-гадовага цяльпуха, які пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў кінуў сталую працу ў Менску і пераехаў у глыбокую дзіру – у вёску Славені, адкуль, праўда, родам?! І калі сябры-мастакі праўдамі-няпраўдамі з’яжджалі за мяжу, пхнуліся на ўсе выставы, ён, Юры Мяккі, біўся, як тварам у глебу, у дзверы Талачынскага райвыканкама, каб зарэгістраваць хіба адзіную ў краіне сельскую галерэю. Яе нефармальна стваралі за 18 год існавання тутэйшай мастацкай студыі пакаленні мясцовых творцаў. А як ацаніць 2 гады амаль бясплатнага выкладання ў драўлянай хаце без ацяплення, дзе месцілася створаная для дзясяткаў вучняў мастацкая класа? І дабрачынныя экскурсіі па драўляным студыйным будынку?

DSCF1476

І чаго, урэшце, каштуе чатырохгадовай даўніны ўчынак, які зламаў і кардынальна перамяніў яго жыццё? Калі адзін забарыкадаваўся ў майстэрні, а “дабразычліўцы” запусцілі чутку, што падпаліць сябе бензінам?! Напярэдадні ён напісаў заяву ў пракуратуру, а таксама намаляваў ды выставіў у вокнах плакаты супраць высечкі мясцовай святыні – чатырох дзясяткаў лістоўніц ды часткі  пладовага саду ў алеі ля брацкай вайсковай магілы. У ёй разам з больш чым чатырма дзясяткамі афіцэраў ды партызан Другой сусветнай і зараз астанкі Жака Гастона, лётчыка славутага авіяпалка “Нармандыя-Неман”, збітага непадалёк. “Зачыстку” тэрыторыі і знос будынку мясцовыя ўлады прастадушным славенцам тады падалі, нібы, да магчымага прыезду прэзідэнта Мікаля Сарказі ў часе яго запланаванага веснавога візіту ў Беларусь. Сарказі , як вядома, не прыехаў. А тагчасная кіраўніца сельсавета Снапкова цынічна сказала Мяккаму ў твар: “Нам патрэбны быкі і каровы, а не мастакі!”

Дакладна вынікала, што не людзі, асабліва небяспечна-таленавітыя.  Напярэдадні ж дзяржава “кінула” 4 млрд на створаны тут аграгарадок “Талачынская навінка”, калі студыйцам былі патрэбныя капейчыны на асвятленне ды цяпло. Тым часам, у вёсцы сабралі за тры дзясяткі подпісаў ў абарону Мяккага…

Усе навакольныя “жарсці” з’яўляліся на мальберце Мяккага. І ў выглядзе кабінетаў чыноўнікаў, якія вялі цэлую вайну з мастаком. Школы, дзе п’яны вартаўнік, што негалосна “назіраў” за Юрыем, спаліў сябе і толькі пабудаваны еўрапаверх будынка. У тыя ж дні Юры, насуперак забароне і без рэкамендацыі мясцовых уладаў, перамог на ўсебеларускім конкурсе выяўленчага мастацтва з апошнімі працамі…

Ужо на станцыі Юры сказаў мне пра тое, да чаго прыйшоў у часе падзеяў:”Зразумеў, што праўдзівы мастацкі твор у дыктатарскай краіне міжволі становіцца палітычным. Зраблю ўсё, каб уплываць на падзеі на малой Радзіме і на бязмежжа лукашэнкаўскай  вертыкалі…”

Аднак у дэпутаты мясцовая вертыкаль мастака не прапусціла. Кіраўніцтва школы звольніла яго з “воўчым білетам”. Заставалася эміграваць у Расею ці на Захад, альбо, змяніўшы прафесію, з’ехаць у Менск. У канцы мінулага года без асаблівай надзеі набраў яго нумар. І…пачуў знаёмы голас. Хутка на станцыі на ўласным аўто мяне сустрэў знаёмы велікан пад мэтар 90 з напружана-самотнымі вачыма.

Расказаў, што дзякуючы Інтэрнэту, і ў Славенях матэрыяльна забяспечаны. Распрацоўвае брэнды, лагатыпы, графічны дызайн для айчынных і нават брытанскіх бізнесменаў. Працуе над праектам інфа-альтанкі для НДІ інфатэхналогій. Увесь астатні час – для творчасці. А таксама – для вандровак у наваколлі. Найчасцей па старым Екацярынінскім тракце, што ў пару-тройку км ад вёскі і дзе некалі адступаў Напалеон. Мы ідзем па шырокай сцяжыне, уздоўж якой высокі бярозавы гай. Ён кажа:

Хаваюся тут ад мітусні і тэрора жыцця. Каб рэальна ўбачыць падзеі сучаснасці, трэба адасобіцца ад іх. Тады прыходзіць натхненне тварыць. Абыходжу бокам адкрытую цяпер вятрам, з кволымі ёлачкамі, магілу Гастона. Гэта ўсё, што засталося ад алеі Памяці. Кідаю хуткі позірк на былую майстэрню, дзе засталіся яшчэ мае графіці на сценах. Знявечанае месца, дзе пакоі заваленыя смеццем. Апошняе паняцце для мяне не толькі матэрыяльнае, але і эзатэрычнае. Я бачу сляды яго і ў інфармацыйным полі, у галовах людзей. Успрымаю як асабістую трагедыю. Асабліва як гутару з дзецьмі, у большасці з якіх няма пазітыўнай мадэлі сталення. Яны не ведаюць як і для чаго жыць, не адчуваюць запатрабаванасці сябе дзяржавай. Школа з пагоняй за “баламі” і нізкімі заробкамі настаўнікаў не дае сапраўднай адукацыі. Мусяць капіраваць разгубленасць дарослых перад будучыняй. Паляць, п’юць у бяздумных тусоўках. У тым жа Інтэрнэце агрэсіўная музыка, кіно. Паспрабаваў неяк пагутарыць пра гэта з кампаніяй дарослых дзецюкоў на вуліцы і атрымаў па пысе…

– А што ты можаш змяніць?

Думаю пра гэта ўвесь час. Прынамсі, у бліжэйшых планах – набраць групу здольных  дзяцей, навучыць іх тварыць.  Дарэчы, у школе з’явіўся думаючы чалавек – новы дырэктар…

– І ўсё-ткі чаму не з’ехаў са Славеняў?

Але хто застанецца тут?! Алкашы і крымінальнікі? Ідучы ўвечары, ужо сёння даводзіцца браць з сабой дога. Мо прагучыць пафасна, але не магу пакінуць Радзіму ў цяжкія часы. Веру, што атрымаецца дапамагчы…

ПАДАРОЖЖА Ў “ТАЛАЧЫНСКУЮ НАВІНКУ”

Другі год славенцы жывуць у памянёным аграгарадку. Заходжу да знаёмца Мякага, 60-гадовага Анатоля Пасюціна, таксама мастака. У мінулы мой прыезд той наракаў на “мільярды”, што пайшлі невядома куды. Маўляў, у вёсцы не пабудавалі нават платоў, не паклалі не тое што асфальт – не зрабілі прысыпку з гравія ды шчабёнкі на пясочнай дарозе на вуліцы. З-за чаго ўлетку няма чым дыхаць. Седзячы ля ўласнаруч пабудаванага макета тутэйшага помніка драўлянага дойлідзтва – царквы Пятра і Паўла – параўноўваў эпохі:

Паны збудавалі яе ў 1761-м. Праз 100 год велічна перабудавалі самі вернікі. А ў 1964, пры Саветах, не дачакаўшыся ўказа Хрушчова аб захаванні культурнай спадчыны, разваліўшы бярвенні, зрабілі з яе спачатку сельскі клуб, пасля спартовую залу і мастацкі клас. А вось праз пару-тройку дамоў шыкоўная сядзіба старшыні сельсавета, літаральна побач з якой кінутая хата з перакошаным дахам і выбітымі шыбамі. У вёсцы апошніх усё большае…

Аднак сапраўдная “славутасць” “Талачынскай навінкі” – два дзесяткі прэзідэнцкіх домікаў, зробленых з пакрытых белым сайдзінгам… фанерных шчытоў. Раней у адным з іх гаспадыня, маці трох малалетніх дзяцей, даярка Алена Серада наракала мне і на скразнякі пад прасеўшай падлогай, на якой ўзімку на босую нагу не ўстаяць. І на бракаваныя ацяпляльныя катлы, з-за якіх у хаце ўзімку бывае ўсяго плюс 10. І на вятры, праз якія  шторы “гуляюць”. І на замыканні ў электраправодцы… Пасля пачутага ў часе нядаўняй вандроўкі яна шакавала  мяне навінай пра тое, што, тым ня менш, падала заяву на прыватызацыю “фанеры”. Гэта пры месячным сямейным акладзе з мужам у 4 млн. І калі толькі першы ўнёсак складае пад мільён. Кажа, што “мусім частавацца тым, што даюць. Бо перспектыў ніякіх…”

ГРЫБАМАНІЯ

Тым часам, у прасторай гасцёўні Юры Мяккі  падрыхтаваў для мяне ў другі раз выставу сваёй, як сам кажа, “грыбаманіі”. 4 гады таму ўбачыў жоўтагаловыя гіганцкія лісічкі ды прыхаваныя пад рудымі капялюшамі сціплыя баравічкі. Зараз жа агаломшыў галоўным “экспанатам” – домам-грыбам з замураванамі вокнамі, зачыненымі дзвярыма ды бур’янам вакол. Гаспадар, як заўжды, іранічна тлумачыць мне “тэорыю”:

Без уласнай тэмы не існуе мастака. Для сябе выбраў міфалагічна-фантасмагарычную – грыбы. Навеяла яе савецкая любоў да ўсялякіх абрэвіятур, што называюцца граматоны – у літараспалучэннях тры-тэтраграматоны. Зразумеў, што самы з іх “актуальны” –той, што прапісаны ў пашпарце – РБ. Грыб – ГР-РБ. Так стварылася серыя карцін. Апошнім часам   вось галоўная – гэта чырвоны дом-турма, на якім уверсе прараслі нежыць-паганкі. Тут усё наадварот, як у сучасным беларускім жыцці. Баімся міфічнага знешняга ворага – замуроўваем межы, вокны, дзверы, самі сябе. Але не заўважаем, што вораг падкраўся знутры – у выглядзе гэтых паганак. На самым версе свеціццца вакенца. Там чалавек-нечалавек увесь час ня спіць і думае пра беларускі народ, пільна адсочваючы наваколле. Ну і далей –паспрабаваў уявіць, як пра грыбы думае мураш – як пра гіганцкія хмарачосы. Аказалася, не памыліўся, бо прайшла інфармацыя, што ў ЗША прарос 20-метровы грыб. Падазраю, такія грыбы-паганкі на карку растуцьу нас – напрыклад, у выглядзе шкодных прадуктаў харчавання ды энергарэсурсаў. Такія “грыбы” не падпарадкоўваюцца ані ўладзе, ані прыродзе. Іх не забароніш,  колькі “вярхоўны уладар” не будзе замуроўваць вокны-дзверы. Да таго ж, ёсьць зімовы грыб, што прарастае ў лютую сцюжу. Грыбы-праблемы прарастуць знутры. Так што працяг выставы будзе…      

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара