Юры Панасюк: Вінавацяць у абразе Лукашэнкі
Гарадзенец Юры Панасюк атрымаў ліст з пракуратуры пра тое, што яго вінавацяць у абразе Лукашэнкі і яго справа накіравана ў суд.
Справа тычыцца рэпостаў у сацыяльнай сетцы “УКантакце”:
– Рэпост рабіў у “УКантакце” – фотаздымкі, карцінкі. За тое, што я зрабіў, вешаюць крымінальную справу арт.368 ч.1 – за абразу прэзідэнта так званага. Яны напісалі, што я наўмысна зрабіў, што падарваў аўтарытэт Лукашэнкі, абразіў яго.
Юры кажа, што яму пагражалі, што могуць адправіць надоўга за краты:
– Якія варыянты могуць быць? Гэта “псіхушка”, турма – зона ці празмерна высокі штраф. Я нічога гэтага не хачу. Хацеў бы, каб мяне суд апраўдаў цалкам.
Па словах Юрыя, суд над ім павінен адбыцца бліжэйшым часам, сябе вінаватым ён не лічыць, а пасля завядзення крымінальнай справы ён выдаліў усе фоты са старонкі “УКантакце”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча