Юры Пучко: Моцна збівалі, а потым хацелі зрабіць арганізатарам непадпарадкаванняў



Гарадзенца Юрыя Пучко збівалі людзі ў масках яшчэ пры затрыманні 11 жніўня, калі невядомыя палявалі за ім у адным са спальных раёнаў Гародні.

Пра сваё затрыманне распавядае Юры Пучко, які з’яўляецца адным з валанцёраў і дапамагае гарадзенскім праваабаронцам:

– Атачылі ў гэтай цемры, і я зразумеў, што нікуды не з’едзіш. Проста саскочыў з ровара, перад імі спыніўся, яны падбеглі і адразу першы ўдар у галаву нанеслі. У мяне быў роварны шлем, выратаваў мяне, бо ўдар быў вельмі моцны. Я паваліўся на зямлю, і яны пачалі мяне збіваць. Было недзе чалавек 10 АМАПаўцаў, пачалі біць па руках, нагах. Я згрупаваўся, таму мне ўсе ўдары траплялі ў рукі ды ногі, бо абараняў галаву.

Пасля затрымання хлопца працягвалі збіваць ужо ў РАУСе, а потым пасадзілі на 10 сутак:

– Прывезлі ў двор. Перад тым, як прывезці, яны мне яшчэ пазначылі твар чорным маркерам. Гэта значыць, што  там на месцы, калі туды прывязуць, трэба далей збіваць. Прывезлі, вывелі ў двор, паклалі тварам на асфальт, прыйшлі некалькі чалавек з дубінкамі і пачалі зноў мяне збіваць. Калі я пачаў ахінацца ад удараў, мяне ўзялі за рукі і ногі, каб я не тузаўся, і працягвалі збіваць.

Па словах Юрыя Пучко, яго вызвалілі праз некалькі сутак, ён адразу як выйшаў пайшоў у шпіталь, дзе зрабіў агляд фактаў збіцця і напісаў заяву ў Следчы камітэт, пра тое, што міліцыянты перавышалі свае паўнамоцтвы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча