Юры Жыгамонт: Беларусь – зямля пад крыламі анёлаў



На Гарадзенскія курсы „Мова Нанова” прыехаў госць з Менска Юры Жыгамонт. Сустрэча прайшла пры поўным аншлагу. Аўтар телепраграмы „Падарожжы дылетанта” распавёў пра сваю малую радзіму і пра прычыны, па якіх ён стаў рабіць гэтую праграму.

P1210636“ Тут галоўнае – магчымасць папулярызаваць родны Край, а яна – нявычэрпная,” – мяркуе Юры Жыгамонт.

Яна невычэрпная і нават не зачэрпнутая намі, беларусамі. У нас настолькі вялікая гісторыя, так шмат знакамітых асоб, прая якіх мы проста нічога не ведаем. Гэта мала ўжываецца ў літаратуры, у тэатры. А гэта тое, што мусіць падымаць дух народа, бо гэта нашыя карані. Людзі, згадваючы гісторыю Беларусі, гавораць толькі пра Другую сусветную вайну (добра, калі яшчэ Першую сусветную згадаюць), бо так іх вучылі ў школе, так гэта ўсё ідзе па тэлебачанні. А вось ранейшы пласт гісторыі ўвогуле не ўзняты.

На маю думку, калі чалавек даведваецца, хто ягоныя продкі, у ягонай крыві нешта абуджаецца. Ён пачынае разумець, што ён не проста нейкая пясчынка, а магутны валун на гэтай зямлі.

РР: Вы часта згадваеце асобаў, жыццё якіх перасякаецца з гісторыяй іншых народаў, якія лічаць іх сваімі.

Юры Жыгамонт: Ідуць спрэчкі пра Адама Міцкевіча. Хто ён? Зразумела, што на беларускай мове тады не пісалі, бо яна была забаронена і пісалі на польскай. Але ўсё, што пісаў, ён пісаў пра Літву. Праўда, сённяшнія літоўцы кажуць, што гэта пра іх. Але ж гэта ўсё пра нас! Гэта ўсё Наваградчына. Вазьміце любы твор Адама Міцкевіча – гэта ўсё пра нас, бо зваліся мы раней ліцьвінамі, а наш край – Літвой. Канешне, сёння існуе гэтая моцная блытаніна, з-за гэтага і пачынаюць казаць, што Міцкевіч літовец ці паляк, а ніякі не беларус. Але скрозь ён казаў, што “я – ліцьвін”, а значыць – беларус.

РР: Вандруючы па Беларусі, Вы адчуваеце нейкую замкнёнасць беларускага народа?

Юры Жыгамонт: Ніякай замкнёнасці! Прыдумалі нейкую замкнёнасць. У нашым народзе ёсць розныя якасці, але беларусы вельмі адкрытыя, вельмі шчырыя людзі, свабодныя. Прыязджаеш у любую вёску, да цябе з адкрытым сэрцам падыходзяць, запрашаюць у хату папіць  гарбаты, паесці.

РР: Мы маем сёння чарговы выклік – адбываецца сапраўднае перасяленне народаў, у якое можа трапіць і беларускі народ. Ці здольныя мы захаваць свае гістарычныя набыткі?

Юры Жыгамонт: Гэтыя перасяленні народаў былі заўсёды. А як трапілі сюды славяне? Давайце ўспомнім балтаў, пра назвы, якія яны тут пакінулі? Як мы справімся, як гэтае перасяленне будзе ісці – ніхто не ведае. Але ў прыродзе гэта ёсць.

Я лічу, што чалавек павінен жыць і расці душой. Душа – яна вечная. Беларусь – вечная. І душы, якія адсюль паляцяць, яны сюды вернуцца, менавіта беларускія душы. Мы светлыя і не перайшлі да сіл цемры і зла. Гэтую чысціню і дабрыню сваю, якую мы захоўваем на нашай зямлі, мы мусім захаваць і надалей. Памятаеце, Караткевіч пісаў – “Зямля пад беламі крыламі”? Беларусь – гэта зямля пад белымі крыламі анёлаў. І нашыя людзі шчырыя, чыстыя як анёлы!

З Юрыем Жыгамонтам гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя