Юрый Чыж даў паказанні ў судзе па справе Япрынцавых
19 ліпеня на працэсе па справе бацькі і сына Япрынцавых, які праходзіць у судзе Цэнтральнага раёна Менска, свае паказанні ў якасці сведкі даў уладальнік групы кампаній „Трайпл” Юрый Чыж.
У суд яго прывезлі са следчага ізалятара КДБ, дзе Чыж утрымліваецца з моманту арышту 11 сакавіка па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.
Як паведамлялася раней, 11 жніўня 2015 года Чыж напісаў у КДБ заяву на свайго кампаньёна Уладзіміра Япрынцава, які ў той жа дзень быў затрыманы. У ходзе судовага разбору па справе Япрынцава высветлілася, што менавіта па парадзе Чыжа заявы ў КДБ напісалі Андрэй Міхневіч, у мінулым вядомы лёгкаатлет, і расійскі бізнесмен Юрый Савяк. Абодва яны праходзяць па справе ў якасці пацярпелых.
Затрыманне Уладзіміра і Казбека Япрынцавых звязана з буйнымі даўгамі бізнесменаў і няўдалай спробай іх вярнуць. Паводле інфармацыі пацярпелых, Казбек Япрынцаў абяцаў пастаўкі паліва шэрагу замежных кампаній, але пасля атрымання сродкаў не выконваў абавязацельствы. Здзелкі былі гарантаваныя групай кампаній „Трайпл”. Грошы пералічваліся на рахунак кампаніі Edena Investments, мажарытарным уладальнікам якой з`яўляецца Япрынцаў-малодшы, але паліва партнёры так і не атрымалі. Каб вярнуць даўгі, сума якіх складае некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў, Казбек Япрынцаў, паводле дадзеных следства, спачатку спрабаваў зарабіць на Форэксе, але прагарэў і звярнуўся па дапамогу да бацькі. Той у сваю чаргу звярнуўся па дапамогу да свайго сябра — прэзідэнта Федэрацыі спартыўнай барацьбы Расеі, бізнесмена Міхаіла Маміяшвілі, які пагадзіўся даць Япрынцаву буйную суму пад гарантыі яго долі ў кампаніі „Трайпл”. Пасля затрымання Уладзіміра Япрынцава Маміяшвілі стаў саўладальнікам „Трайпла”.
Сёння ў судзе Юрый Чыж заявіў, што Япрынцаў-старэйшы практычна не займаўся нафтавым бізнесам у „Трайпле”. Ці займаліся нафтай сын Япрынцава Казбек і яго партнёр, намеснік гендырэктара кампаніі „ТМЦТ” Аляксандр Арабян (ён праходзіць па справе трэцім абвінавачваным), Чыж дакладна не ведаў.
Паводле слоў Чыжа, ён таксама не ведаў пра тое, што „Трайпл” выступаў гарантам па здзелках на пастаўку паліва, якімі займаліся Япрынцаў-малодшы і Арабян (гэтыя дакументы, нагадаем, падпісаў Япрынцаў-старэйшы).
Першы сігнал аб праблемах прагучаў у чэрвені 2014 года, сказаў сведка. „Мне патэлефанаваў Анзоры Аксенцьеў (ён жа Анзоры Кікалішвілі — расійскі бізнесмен, якому ў статутным фондзе ТАА „Трайпл” належыць 16,75%), — расказаў Чыж. — Ён у двух словах намякнуў, што ёсць праблемы з Япрынцавым. Затрымлівалі вяртанне пазыкі Маміяшвілі. Савяк выступаў тэхнічным партнёрам. Я так разумеў, што гэта былі грошы Аксенцьева і Маміяшвілі, агульная сума прэтэнзій — каля 32 мільёнаў долараў”.
У другой палове ліпеня Чыж сустрэўся з Уладзімірам Япрынцавым. „Уладзімір Генадзевіч сказаў, што грошай няма, усё згарэла яшчэ ў мінулым годзе — на Форэксе, яшчэ недзе там. Ён сказаў, што гатовы перапісаць сваю долю ў „Трайпле”, я ў гэтым выпадку павінен узяць на сябе абавязацельствы перад крэдыторамі, гэта каля 60—70 мільёнаў долараў. У мяне грошай для набыцця яго долі не было. Што да маскоўскіх крэдытораў (Маміяшвілі і Аксенцьева), я сказаў Япрынцаву, што гатовы гэта абмяркоўваць, людзі мне знаёмыя, не чужыя. Потым пры сустрэчы аказалася, што сума іншая”, — расказаў сведка.
Паводле слоў Чыжа, Маміяшвілі пастаянна тэлефанаваў яму. „Казаў: мне патрэбныя грошы, купляй у мяне долю. Але я паўтараў, што ў мяне няма такой магчымасці”, — сказаў ён. За дзень да затрымання Япрынцава Маміяшвілі прыляцеў у Менск разам з Савяком. „Яны заявілі, што ў іх ёсць дакладная інфармацыя, што Уладзімір Генадзевіч (Япрынцаў) заўтра з`язджае ў Маскву, а адтуль — за мяжу. Маўляў, у яго гатовыя дакументы на афармленне іншага грамадзянства. І ёсць дадзеныя, што ён мае грошы на замежных рахунках, — расказаў Чыж. — Маміяшвілі сказаў: забяспеч мне сустрэчу на самым высокім узроўні. Я сказаў: пішы заяву, іншага варыянта ў мяне няма”.
На наступны дзень Чыж разам з расійскімі бізнесменамі паехаў у КДБ. „Я напісаў заяву, таму што пайшлі ўжо спасылкі на гарантыйныя лісты ад „Трайпла”. Паглядзіце маю заяву, я там прасіў разабрацца ў сітуацыі, таму што могуць быць закрануты інтарэсы нашай кампаніі”, — сказаў Чыж.
Пракурор зачытаў яго заяву ў КДБ. У першым жа сказе заяўнік просіць камітэт разабрацца і прыцягнуць да адказнасці свайго дзелавога партнёра Уладзіміра Япрынцава.
Чыж таксама паведаміў, што Япрынцаў-старэйшы вярнуў частку доўгу сына, аднак дакладная сума яму невядомая. На пытанне адваката, ці была мэта ва Уладзіміра Япрынцава злачынным шляхам завалодаць грашыма, Чыж адказаў: „Не”.
Падчас допыту Чыжа Казбек Япрынцаў расказаў, што праз паўгода пасля яго затрымання (абодва Япрынцавы былі затрыманы 11 жніўня 2015 года), супрацоўнік КДБ абяцаў яго вызваліць у абмен на інфармацыю аб бізнесе Чыжа. „Я адмовіўся, таму што лічу, што ёсць рэчы даражэйшыя за грошы і свабоду”, — заявіў Япрынцаў-малодшы.
Пад канец допыту Чыжа некалькі пытанняў яму задаў Уладзімір Япрынцаў — пытанні тычыліся іх дзелавых і асабістых узаемаадносін. Адказаць па сутнасці на іх Чыж не змог.
Пасля гэтага ў судзе абвясцілі перапынак да 20 ліпеня.