Юрый Губарэвіч: Лукашэнка вымушаны шукаць уласныя механізмы для вырашэння міграцыйнага крызісу



„Міграцыйны крызіс, натуральна, мае штучны характар і ўзнік на пустым месцы праз адкрыццё шлюзу легальнай магчымасці для грамадзян трэціх краін на падставе турыстычных віз прыехаць у Беларусь”, – адзначае старшыня ліквідаванага ўладамі „Руху „За свабоду” Юрый Губарэвіч. Чамусьці гэтыя людзі не наведваюць турыстычныя цікавосткі Беларусі, а выбіраюць сядзенне ў лагерах пры мяжы, – дадае палітык. 

– Гэта робіцца як мінімум пры патуранні беларускіх сілавых ведамстваў. І асноўны выгадаатрымальнік ва ўсёй гэтай сітуацыі, як рэжым Лукашэнкі, так і Крамля, бо яны такім чынам праводзяць тэставанне Еўропы на трываласць. Наколькі можна знайсці чарговае слабое месца, каб гібрыднымі механізмамі аказваць ціск, пераследуючы ўласныя мэты.

Відавочна, што нават электарату Лукашэнкі не падабаецца сітуацыя, калі па вуліцах беларускіх гарадоў ходзяць мігранты. Усе задаюцца пытаннем, ці пацягне іх утрыманне беларуская эканоміка і наколькі будзе бяспечна грамадзянам выходзіць на вуліцы, – дадае Юрый Губарэвіч. 

– Да канца невядома, які змест размоў паміж Меркель і Лукашэнкам. Калі яны тычыліся выключна міграцыйнага крызісу, відавочна, што Еўрапейскі саюз даў зразумець, што ніякага прыёму і адсутнасці рэакцыі на спробы сілавога перасячэння мяжы не будзе. І ў гэтай сітуацыі Лукашэнка вымушаны шукаць уласныя механізмы для вырашэння гэтага крызіса, які застаецца і канцэнтруецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У гэтай сітуацыі павінны дзейнічаць нормы міжнароднага права. Еўразвяз, сапраўды, дэкларуе магчымасць атрымання прытулку для сапраўдных уцекачоў, якім пагражае небяспека. Але для мігрантаў, якія прыбываюць у Беларусь  і затым гвалтоўна спрабуюць перасекчы мяжу, ў тым ліку атакуючы польскіх памежнікаў, гэта не лепшы спосаб паказаць жаданне інтэгравацць у еўрапейскае грамадства і быць законапаслухмянымі жыхарамі ЕС, – падагульнівае Юры Губарэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя