Юрый Казакевіч з Баранавіч праз пікеты ідзе да людзей
Кандыдат у дэпутаты гарадскога і абласнога Саветаў Юрый Казакевіч з Баранавіч праз пікеты ідзе да людзей, каб сказаць, што ёсць людзі ахвярныя. І гэтыя людзі гатовы змагацца за лепшую будучыню для простага чалавека, а не дзеля міфічнай дзяржавы з яе хцівымі чыноўнікамі, кажа Юрый Казакевіч:
– Мы выкарыстоўваем любую законную магчымасць, у тым ліку выбары, для таго, каб наладжваць камунікацыю з грамадзянамі, паказаць ім, што ёсць людзі, гатовыя да актыўных дзеянняў дзеля змены сённяшняй сітуацыі ў краіне, што ёсць людзі, якія пры неабходнасці гатовы і да больш рашучых дзеянняў, але пакуль такай сітуацыі не склалася.
Паводле Юрыя Казакевіча, мэта яго выбарчай кампаніі не абяцанне засыпаць ямы на дарогах ці там яшчэ дамагчыся вырашэння нейкай сацыяльнай праблемы, хоць гэта таксама важна. Але галоўнае для кандыдата Казакевіча – вярнуць Саветам іх першапачатковую сутнасць як органа самакіравання, які будзе створаны не з чыноўнікаў і начальнікаў, а з тых людзей, якія жывуць праблемамі той ці іншай тэрыторыі. Яны павінны кантраляваць бюджэтныя выдаткі і выкананне чыноўнікамі абяцанак.
Беларускае Радыё Рацыя