Юрый Рубцоў: Маёй справай займаецца “Міжнародная амністыя”



Былы беларускі палітвязень Юрый Рубцоў распавёў, што яго апеляцыю на адмову нямецкіх уладаў прадаставіць палітычны прытулак, “могуць разглядзець праз 6-8 месяцаў”.

Нагадаем, што гамяльчанін каля года таму папрасіў у Германіі палітычны прытулак, але не так даўно стала вядома, што нямецкія ўлады далі адмову. Спачатку Юрый Рубцоў заявіў, што не выключае вяртання ў Беларусь, але зараз усё-такі вырашыў абскардзіць рашэнне.

 Юрый Рубцоў: Калі я ўбачыў некаторыя недакладнасці ў дакуменце адмовы, то вырашыўся на абскарджванне. Акрамя таго, не выключана, што мог бы атрымаць у Беларусі новы турэмны тэрмін, бо да ад’езду ў Германію стаяў на прафілактычным уліку і парушыў яго.

РР: Калі суд будзе разглядаць вашу апеляцыю?

Юрый Рубцоў: У Нюрнбергу, дзе я зараз знаходжуся, ёсць філіял арганізацыі “Міжнародная амністыя”, яны знайшлі мне адваката. Усімі пытаннямі ён зараз і займаецца. Што датычыцца тэрмінаў разгляду апеляцыі, то вядома, што суд адбудзецца праз  6-8 месяцаў.

РР: Што кажуць адвакаты пра перспектывы справы?

Юрый Рубцоў: Я ведаю, што юрыст, які ёй займаецца (а ён – спецыяліст у вобласці эміграцыі), шчыра кажучы, быў здзіўляены тым, што яго наняла “Міжнародная амністыя”. Але, калі пачытаў дакументы, той сказаў, што праблем не павінна ўзнікнуць. Хаця пабачым, што будзе ў рэальнасці.

Кастусь Заблооцкі, Беларускае Радыё Рацыя