Юрый Зісер: Палітычная падаплёка справы відавочная (абноўлена)
Заснавальніка і саўладальніка парталу TUT.BY Юрыя Зісера выклікалі на допыт у Следчы камітэт паводле крымінальнай справы аб нібыта несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі.
Быццам рэдактары парталу бралі ў Беларускага тэлеграфнага агенцтва (БелТА), не маючы адпаведна аплачанай падпіскі, навіны і іншую інфармацыю. Аднак Юрый Зісер абвяргае гэтыя падазрэнні і лічыць, што ў справы палітычная падаплёка:
– Я так разумею, што некаторыя людзі проста падчытвалі стужку БелТА. І ніхто адтуль нічога не краў. Навошта браць тое, што і так ёсць у адкрытым доступе? Бо ў гэтай белтаўскай стужцы навіны з’яўляліся на 5-10 хвілін раней, чым у агульнай стужцы. А паколькі гэтыя навіны ніколі не мелі тэрміновага характару, то гэта для нас проста не мела сэнсу. Падаплёка яўна палітычная, таму што сама справа, як я напісаў, “скралі зімой снег у эскімосаў”. Яно не варта таго грамадскага рэзанансу, які імкнецца справе надаць улада.
Рэдактараў, журналістаў TUT. BY улады спрабуюць зрабіць больш згаворлівымі, – лічыць Юрый Зісер. Таксама ён не выключае элементу помсты канкрэктным рэдактарам. Не сакрэт, што ўлада вельмі не любіць галоўнага рэдактара TUT. BY Марыну Золатаву і даўно марыць зрабіць ёй нейкую гадасць ці ўвогуле адхіліць ад журналісцкай дзейнасці, – лічыць Зіссер.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У вобысках і затрыманні журналістаў, якія правёў 7 жніўня Следчы камітэт, заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер бачыць палітычную падаплёку.
„З раніцы палітыка не была прыкметная. Аднак пад канец дня падзея атрымала настолькі касмічныя маштабы адлюстравання ў розных дзяржаўных СМІ, цалкам не сувымерныя сутнасці справы, што палітычная падаплёка стала відавочнай”, — напісаў Зісер на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.
Паводле яго інфармацыі, з офіса tut.by канфіскавалі „з дзясятак сістэмных блокаў нашых журналістаў (не толькі затрыманых)”. „У цяперашні час нешта робяць з офіснымі серверамі. Магу меркаваць, што капіююць усю ўнутраную інфармацыю кампаніі, уключаючы карпаратыўную пошту, карпапартал, бухгалтэрыю, і калі гэта так, то напэўна не толькі ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ”, але заадно і ўсіх кампаній, якія маюць да мяне дачыненне”, — паведаміў Зісер.
„Кліенцкую інфармацыю (пошту, хостынг і г.д.) не чапаюць, партал і хостынг працуюць нармальна, навіны і рэклама публікуюцца своечасова. Людзі працуюць з дому”, — адзначыў ён.
Раніцай 7 жніўня СК распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што „паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)”.
Падставай паслужыла „паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „БелТА” аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў”. Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС „выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца „БелТА”.
„У выніку здзейсненага злачынства РУП „БелТА” нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома „Беларуская навука”, ЗАТ „БелаПАН”, ТАА „ТутБай Медыя”. Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова”, — паведаміў 7 жніўня Следчы камітэт.
У рэдакцыях прайшлі шматгадзінныя вобшукі. У БелаПАН канфіскаваныя шэсць сістэмных блокаў камп`ютараў. Былі затрыманыя палітычны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі Таццяна Каравянкова (знаходзілася ў адпачынку ў Гродзенскай вобласці), галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна, Дзмітрый Бобрык, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і былая супрацоўніца tut.by Яўгенія Беразюк. Пасля, паводле інфармацыі Зісера, Бабаед, Бобрык і Беразюк былі адпушчаныя. На допыты ў СК дастаўляліся прысутныя пры вобысках дзяжурны рэдактар БелаПАН Андрэй Серада і генеральны дырэктар tut.by Людміла Чэкіна. Іх затым адпусцілі.
Афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара Савета Еўропы заявіў, што інфармацыя пра вобыскі і арышты ў шэрагу найбольш вядомых беларускіх СМІ выклікае глыбокую заклапочанасць. „Некаторыя з закранутых СМІ з`яўляюцца нашымі даўнімі партнёрамі, супрацоўнікі якіх вядомыя як прафесіяналы высокага ўзроўню. Заканадаўства выконваць неабходна, але расследавання не заўсёды патрабуюць арыштаў, да якіх варта звяртацца ў якасці апошняга сродку”, — падкрэсліваецца ў заяве.
У сваю чаргу беларускае МЗС параіла не шукаць „нейкай іншай падаплёкі ці „падводных камянёў” — сітуацыя ніякім чынам не ляжыць у палітычнай плоскасці і не мае ніякага дачынення да пытанняў свабоды СМІ альбо журналісцкай дзейнасці ў Беларусі”.