Аляксандра Вайцешыка пакаралі штрафам на 10 базавых велічынь
Суддзя Баранавіцкага суда Юльяна Шчэрба пакарала сябра праваабарончага цэнтра “Вясна”, юрыста прафсаюза РЭП Аляксандра Вайцешыка штрафам на 10 базавых велічынь, што складае 270.00 беларускіх рублёў, за дробнае хуліганства, якое праваабаронца нібы здзейсніў, жадаючы трапіць на сход агракамбіната “Сноў” па даверанасці.
Вайцешык лічыць рашэнне суда незаконным і несправядлівым, а разгляд справы – заангажаваным.
– На ўсе мае довады, пра якія я казаў, што я не вінаваты, а таксама спасылаўся на відэазапіс, яна іх праігнаравала. Адзначу, што яна не выклікала маіх сведкаў, якія маглі пацвердзіць маю невінаватасць. Акрамя таго, яна адмовілася далучыць да справы доказаў, якія б сведчылі, што я невінаваты. Гэта статут прафсаюза РЭП, даверанасць і іншыя дакументы.
Паводле Аляксандра Вайцешыка, ён падаў 7 скаргаў, якія па закону павінны разглядацца да вынясення рашэння. Гэта скаргі на парушэнне міліцыяй правоў Вайцешыка падчас затрымання, у тым ліку права на абарону. Гэта павінна было паўздзейнічаць на рашэнне суда. Але суддзя Шчэрба, якая не ўпершыню выносіць незаконныя рашэнні ў дачыненні да апанентаў рэжыму, іх праігнаравала.
Праваабаронца абскардзіць рашэнне суда г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна.
Беларускае Радыё Рацыя