Юрыста «Вечернего Могилева» чакае суд за абразу ЛГБТ-актывіста 



Рэгіянальнае выданне «Вечерний Могилев» вядомае ў беларускай медыяпрасторы сваімі агрэсіўнымі гамафобскімі публікацыямі. Улетку актывіст ЛГБТ з Маладэчна Валянцін Цішко даслаў у Міністэрства інфармацыі 14 матэрыялаў, у двух з якіх адмысловая камісія пры ведамстве выявіла прыкметы экстрэмізму, і звярнулася ў міліцыю, каб тая прыцягнула газету да адказнасці. Вынікі гэтага экспертнага заключэння газета абскарджвала ў Менскім эканамічным судзе. І там падчас паседжання юрыст газеты Станіслаў Леўчынка дазволіў сабе абражаць Валянціна Цішко. Цяпер актывіст атрымаў ад праваахоўных органаў экспертнае заключэнне, якое даводзіць, што выказванні юрыста газеты «Вечерний Могилёв» абразілі яго гонар і годнасць.

На падставе гэтых дакументаў Валянцін Цішко звяртаецца ў суд.

– У мяне ёсць заключэнне УВД Першамайскага раёна, якое ў сваю чаргу спасылаецца на лінгвістычную экспертызу, якую яны запытвалі. Менавіта таму такі доўгі час была цішыня. Бо словы Леўчанкі перадаваліся ў нейкі цэнтр судовай экспертызы, які праводзіў лінгвістычную экспертызу выказванняў Леўчанкі. Была канфіскавана копія аўдыёзапісу з паседжання суда, і гэты цэнтр даў заключэнне, што, так, у словах Леўчанкі ёсць абраза Цішко.

«Вечерний Могилев» шмат разоў займаў першыя пазіцыі ў рэйтынгах мовы варожасці ў байнэце, якія складае ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць», да якой належыць Валянцін Цішко. На тым паседжанні, дзе юрыст выдання Станіслаў Леўчынка абражаў Валянціна Цішко – эканамічны суд Менска прызнаў дзейным рашэнне Рэспубліканскай экспэртнай камісіі, якая прыйшла да высновы, што два артыкулы выдання «Вечерний Могилев» утрымліваюць прыкметы экстрэмізму.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by