Юрыя Рубцова будуць судзіць за абразу суддзі



Грамадскі актывіст з Гомеля яшчэ ў красавіку пасля “Чарнобыльскага шляху” быў затрыманы за кашульку з антылукашэнкаўскім надпісам. Пазней у судзе ён выказаў меркаванне, што суддзі, якія агучваюць несправядлівыя прысуды, ёсць, па-сутнасці, “падонкамі”. Аднак у пратаколе словы актывіста выглядаюць ужо іначай. Юры Рубцоў звяртае ўвагу на тое, што фальшаванне пратаколаў – гэта звычайная практыка:

– Суддзя фальсіфікуе справу і сам судовы працэсс для таго, каб прыняць патрэбнае яму рашэнне. Тое, што я сказаў наўпрост суддзі, яго вельмі раззлавала. У яго аж калаціліся рукі ад злосці, бо ён зразумеў, што я ведаю пра тое, што справу фальсіфікуюць. Таму суддзя пайшоў на падлог у пратаколе судовага паседжання. Там пазначана, што менавіта яго я назваў “падонкам”. Вось зараз мне хочуць адпомсціць за тое, што я  раскрыў іхнюю таямніцу.

Суд над Юрыем Рубцовым прызначаны на 16-га верасня на 15  гадзін у судзе Цэнтральнага раёна Менска. Прозвішча суддзі, якога нібыта абразіў актывіст – Кірыл Палулех. У пачатку жніўня Рубцова ўжо апытвалі супрацоўнікі следчага камітэта ў межах крымінальнай справы па артыкуле “Абраза суддзі або народнага засядацеля”. Паводле заканадаўства, пакаранне па гэтым артыкуле можа быць розным: ад штрафу – да абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org