Юрыя Рубцова дапыталі ў Менску
Грамадскі актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў наведаў Савецкі аддзел Следчага камітэту Менска, дзе яго дапыталі як падазраванага ў межах крымінальнай справы аб абразе суддзі. Па словах Рубцова, ён адмовіўся падпісаць паперу аб неразгалошванні падрабязнасцяў хады следства, што аднак не змяняе яго статусу і следчыя дзеенні будуць працягнутыя.
– Тое, што я не падпісаў паперу, не вызваляе мяне ад адказнасці па артыкулу, які прадугледжвае, што я павінен маўчаць аб следчых мерапрыемствах. Хаця, з пазіцыі логікі, гэта з’яўляецца абсурдным домыслам, таму што якая тут можа быць таямніца: калі суддзі выносяць незаконныя рашэнні, то тады яны з’яўляюцца «падонкамі». Тут нейкую тамніцу знайсці досыць складана.
За абразу суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя санкцыя артыкула прадугледжвае розныя віды пакарання – штраф, папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў. Наступны допыт актывіста ўжо ў якасьці абвінавачанага адбудзецца праз тыдзень.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя