З 01.01.2021 г. забараняецца продаж аднаразовага пластыкавага посуду



З 1 студзеня 2021 года ўстанаўліваецца забарона на выкарыстанне і продаж у аб’ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду, паведаміла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю са спасылкай на пастанову Савета міністраў ад 27 лістапада.

„Патрабаванні дакумента накіраваны на скарачэнне выкарыстання ў аб’ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду: вырабаў і прадметаў, прызначаных для сервіроўкі стала, прыёму і захоўвання прадукцыі грамадскага харчавання і харчовых прадуктаў, якія па сваім функцыянальным прызначэнні не прызначаныя для паўторнага выкарыстання на працягу іх тэрміну службы ( тэрміну прыгоднасці)”, — адзначае прэс-служба МАРГ.

Пералік аднаразовага пластыкавага посуду будзе вызначаны міністэрствам у трохмесячны тэрмiн з дня афіцыйнага апублікавання пастановы. Зараз МАРГ праводзіць аналіз рынку посуду ў сектары грамадскага харчавання.

У верасні гэтага года прэм’ер-міністр Сяргей Румас узначаліў міжведамасную працоўную групу па вывучэнні пытанняў абарачэння палімернай і неперапрацоўваемай упакоўкі.

Да 21 верасня рабочая група павінна была прааналізаваць сусветны вопыт па ўвядзенні абмежаванняў на ўнутранае абарачэнне палімернай і неперапрацощваемай ўпакоўкі, пластыкавага аднаразовага посуду, а таксама падрыхтаваць прапановы аб удасканаленні тэхнічнага рэгулявання ў сферы вытворчасці і выкарыстання палімернай упакоўкі і пластыкавага аднаразовага посуду.

„Прапановы аб выключэнні выкарыстання ў харчаванні пластыкавага аднаразовага посуду ў залежнасці ад фармату аб’екта (стацыянарны, нестацыянарны) і наяўнасці падключэння да інжынерных сетак (электразабеспячэнне, водазабеспячэнне і водаадвядзенне) павінны быць падрыхтаваны да 28 верасня”, — паведамляла прэс-служба ўрада.

На пасяджэнні 27 сакавіка гэтага года Еўрапарламент ухваліў поўную забарону з 2021 года на выкарыстанне аднаразовага пластыкавага посуду (талерак, відэльцаў, нажоў, саломінак, кантэйнераў для ежы), а таксама тонкіх пластыкавых пакетаў, ватных палачак і пластыкавых палачак для паветраных шароў.

belapan.by