З 1-га кастрычніка Беларусь спыняе пешаходны рух праз мяжу
З 1-га кастрычніка на аўтадарожных пунктах пропуску на мяжы з Латвіяй, Літвой і Польшчай часова спыняецца пешаходны рух. Гэта парадаксальна звязана з папулярнасцю пешага перамяшчэння праз мяжу і павелічэннем чэргаў пешаходаў.
Вось як пракаментаваў гэтую сітуацыю намеснік прэс-сакратара Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі:
– Гэта выклікана тым, што дадзеныя пункты пропуску праектаваліся як аўтамабільныя. Таму яны не прыстасаваныя для перамяшчэння пешшу ў тых аб’ёмах, у якіх зараз гэта адбываецца. Пешаходы ўскладняюць аўтамабільны рух у пунктах пропуску. Дадзенае рашэнне выкліканае неабходнасцю забяспечыць бяспеку як аўтамабільнага руху, так і ўсіх грамадзян, якія перасякаюць мяжу.
Як адзначыў Антон Бычкоўскі, цяперашні стан памежнай інфраструктуры з беларускага боку не гарантуе неабходнага ўзроўню бяспекі для пешаходаў і пастаянна стварае складаныя ўмовы дарожнай абстаноўкі ў пунктах пропуску, якія раней праектаваліся выключна як аўтадарожныя.
Рашэнне аб спыненні пешаходнага руху на аўтадарожных пунктах пропуску на мяжы з Польшай, Літвой і Латвіяй з першага кастрычніка з’яўляецца часовым.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота gazetaby.com