З 2019 года ў Беларусі будуць уведзены біяметрычныя пашпарты
Біяметрычныя пашпарты беларусам пачнуць выдаваць з 1 студзеня 2019 года, паведаміў у эфіры інтэрнэт-тэлебачання „СБ” начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі палкоўнік міліцыі Аляксей Бягун.
Як патлумачыў Аляксей Бягун, у біяметрычным пашпарце будзе электронны чып з персанальнымі дадзенымі ўладальніка дакумента – фота, электронны лічбавы подпіс, адбіткі пальцаў.
Гэты пашпарт дазволіць беларусам хутчэй праходзіць кантроль на мяжы. Акрамя таго, біяметрычны дакумент неабходны для спрашчэння візавага рэжыму з краінамі Шэнгена – гэта адна з умоў ЕЗ.
Па біяметрычных пашпартах беларусы ў асноўным будуць выязджаць за мяжу. Унутраным дакументам, як у еўрапейцаў, будзе ID карта.
– З 1 студзеня 2019 года мы ўвядзем і біяметрычныя пашпарты, і карты ID – паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС. Адразу мяняць пашпарты на новыя не трэба, па словах Аляксея Бегуна, першы час будуць дзейнічаць абодва пашпарты – і звычайны, і біяметрычны.
Дарэчы, па прагнозах начальніка дэпартамента, перамовы з Еўразвязам аб зніжэнні кошту шэнгенскіх віз і спрашчэнні іх атрымання, могуць быць завершаны ўжо ў гэтым годзе.
Фота: Reuters