З 2020 года пачнецца выдача ID-карт і біяметрычных пашпартоў
Міністэрства ўнутраных спраў 1 студзеня 2020 года пачне шырокамаштабную выдачу ID-карт, а таксама біяметрычных пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для выезду за мяжу. Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканала СТВ 13 сакавіка кіраўнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.
Паводле яго слоў, як і цяпер дзейныя, біяметрычныя пашпарты будуць папяровыя. „Гэта значыць, яны падобныя, у прынцыпе, з нацыянальным пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які мы афармляем да цяперашняга часу. Яны будуць проста мець электронны носьбіт інфармацыі. Ёсць ужо рашэнне рэзідэнта па гэтым пытанні: з 1 студзеня 2020 года Міністэрства ўнутраных спраў пачне шырокамаштабную выдачу грамадзянам Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікам, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дакументаў, якія сведчаць асобу, у выглядзе ID-карты з электронным носьбітам з адпаведнай інфармацыяй, а таксама біяметрычнага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для выезду за мяжу”, — расказаў Бягун.
Адказваючы на пытанне, у чым перавага біяметрычнага пашпарта, кіраўнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС адзначыў: „Па-першае, біяметрычны пашпарт прызначаны выключна для выезду за мяжу. Ён мае 30 лістоў, прызначаных для прастаўлення віз і адзнак аб перасячэнні мяжы. Акрамя таго, мяркуецца і плануецца, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа адначасова мець два біяметрычныя дакументы для перасячэння мяжы — для таго, каб палегчыць яго мабільнасць. Акрамя таго, біяметрычны пашпарт мае так званы электронны чып, дзе будуць утрымлівацца ўсе яго персанальныя дадзеныя”, — растлумачыў ён.
Фактычна, працягнуў Бягун, уладальнік біяметрычнага пашпарта выклікае менш недаверу ў прадстаўнікоў праваахоўных органаў, а таксама ў кампетэнтных органаў замежных дзяржаў, якія адказваюць за перасячэнне мяжы або за выдачу віз. Акрамя таго, біяметрычны пашпарт мае значна больш ступеняў абароны ад падробкі.
Увосень мінулага года стала вядома, што тэрмін увядзення ў Беларусі біяметрычных дакументаў перанесены з 2019 на 2020 год з-за неабходнасці інтэграцыі інфармацыйных сістэм.
Раней таксама паведамлялася, што ўжо выдадзеныя пашпарты будуць заставацца сапраўднымі да заканчэння тэрміну іх дзеяння, у тым ліку для выезду за межы краіны.
belapan.by